Мінск 11:52

Адток новай беларускай дыяспары з Грузіі працягваецца трэці год (абноўлена)

Адна з беларускіх крам у сталіцы Грузіі Тбілісі
Фота: "Позірк"

Матэрыял актуалізаваны на падставе адказу, атрыманага “Позіркам” з Нацыянальнай службы статыстыкі Грузіі на запыт аб розніцы звестак на грузінамоўнай і англамоўнай версіях сайта ведамства. Дададзены актуальны каментар Святланы Ціханоўскай “Позірку“

траўняПозірк. Адток новай беларускай дыяспары з Грузіі працягваецца трэці год, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнай службы статыстыкі Грузіі (Сакстат).

Першапачаткова ведамства на грузінамоўнай і англамоўнай версіях сайта апублікавала розную статыстыку. Графы з лічбамі былі ідэнтычныя, аднак частка краін, у тым ліку Беларусь, знаходзіліся на розных месцах, а некаторыя прысутнічалі ў адной табліцы і адсутнічалі ў іншай. Абедзве табліцы сведчылі аб скарачэнні беларускай дыяспары, але абсалютныя лічбы не супадалі.

“Позірк” накіраваў у Сакстат запыт з просьбай патлумачыць сітуацыю.

У адказе ведамства гаворыцца, што, “на жаль, пры падрыхтоўцы англійскай версіі файла здарылася тэхнічная памылка, у выніку якой у спісе краін былі пазначаныя некарэктныя звесткі па некалькіх краінах”. Сакстат прынёс “прабачэнні за непаразуменне”.

Такім чынам, паводле канчатковых афіцыйных звестак, у 2025 годзе ў Грузію прыбыло 1.938 мігрантаў з беларускім грамадзянствам (957 мужчын, 981 жанчына), выехала з яе — 2.065 (1.088, 977), або на 127 больш.

У 2024 годзе з Грузіі выехала на 147 беларускіх мігрантаў больш, чым заехала ў яе (2.598 супраць 2.451). Гэта азначае, што хуткасць скарачэння дыяспары ў 2025 годзе зменшылася на 13,6%.

У 2023-м заехала ў Грузію і засталося ў ёй 3.557 беларусаў, выехала з яе 4.537 мігрантаў, або на 980 больш. Сумарна за тры гады адмоўнае сальда склала 1.254 чалавекі.

На 1 студзеня 2026 года ў Грузіі пражывала 12.681 мігрант новай хвалі, або на 9% менш, чым на 1 студзеня 2023-га (13.935).

Беларускія мігранты масава сяліліся ў Грузіі ў 2022 годзе, вынікае са звестак Сакстата. Тады прыехала 13.361 чалавек, выехала — 852 (дадатнае сальда — 12.509).

У 2021 годзе сальда таксама было дадатным (+1.426), але маштабы міграцыі меншыя: заехала 1.583 чалавекі, выехала — 157.

Мясцовыя ўлады (кіроўная партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі) не далі прытулак нікому з тых, хто звярнуўся. Фіксаваліся выпадкі адмовы ва ўездзе актывістам дыяспары пасля “візарана“ — абнулення тэрміну знаходжання (у краіне можна бесперапынна знаходзіцца да года).

У лютым 2026 года прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ паведаміў, што дазвол на жыхарства ў краіне маюць 3.738 беларускіх грамадзян. Ён жа раскрыў планы выслаць з краіны на працягу года 4 тыс. нелегалаў, што ўтрая больш, чым было дэпартавана летась (1.311). У першым квартале было выслана 904 чалавекі, у тым ліку 8 беларусаў (рэкорд не толькі квартала, але і года).

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі пачаў бесперапынныя рэйды па выяўленні нелегалаў, у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле звестак “Позірку“, заходзілі таксама. Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспар паведамлялі аб выдварэнні замежнікаў паводле надуманых падставаў.

1 траўня на V Канферэнцыі беларусаў свету дэмлідар заявіла “Позірку“, што ў цяперашніх абставінах няма магчымасці дамаўляцца з уладамі Грузіі пра “нейкія крокі па прызнанні пратэрмінаваных пашпартоў або па выдачы “пашпартоў замежніка”.

Сітуацыю ў Грузіі ў гэтым плане палітык назвала “не лепшай”. “Але калі ў людзей такая ўжо цяжкая сітуацыя, то працуем з нашымі замежнымі партнёрамі — Польшчай, Літвой, каб людзей эвакуіраваць, калі, напрыклад, там нешта пагражае“, — паведаміла яна.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: