Мінск 16:00

Змены палітыкі ЕС да рэжыму Лукашэнкі не будзе, пакуль не палепшыцца сітуацыя ў Беларусі — Ціханоўская

Фота: "Позірк"

1 траўня, Позірк. На гэты момант маецца рашэнне Еўрасаюза пра тое, што Аляксандр Лукашэнка нелегітымны і не прадстаўляе беларусаў, і стасункі не могуць мяняцца, пакуль “не будуць спыненыя рэпрэсіі ў краіне і беларусы не змогуць прыязджаць дадому”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 1 траўня ў Варшаве на палях V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету, адказваючы на пытанне “Позірку”.

“Пакуль не палепшыцца сітуацыя, ніякай змены палітыкі не будзе, — запэўніла яна. — Канешне, я чую плёткі, што там адна краіна ўжо там задумваецца пра паляпшэнне адносін, іншая. Але калі мы наўпрост размаўляем з міністэрствамі гэтых краін (я зараз вярнулася з камандзіроўкі, размаўляла з прадстаўнікамі міністрстваў Германіі і Францыі), там няма ніякага намеру мяняць сваю палітыку”.

Распаўсюд падобных плётак, на думку Ціханоўскай, ёсць “гульнямі рэжыму”, спробай “сканфузіць” дэмсілы, каб сітуацыя была для іх незразумелай, каб яны адчулі “нейкую здраду з боку еўрапейскіх партнёраў”.

На пытанне, ці можа паўплываць на змену стаўлення Еўропы да Мінска энергетычны крызіс, выкліканы сітуацыяй на Блізкім Усходзе, дэмлідар адзначыла, што да Беларусі гэта не мае дачынення, гэта “ўсё ж больш геапалітычны кантэкст, Расія”.

“Вядома, мы разумеем, што Беларусь — закладнік гэтага больш шырокага геапалітычнага кантэксту, але ж наша праца — рабіць усё магчымае, каб не змянілася стаўленне да рэжыму, пакуль не адбудуцца сапраўдныя змены”, — дадала яна.

На пытанне, ці палепшыць нядаўняе вызваленне журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута стасункі паміж Варшавай і Мінскам, Ціханоўская нагадала пра апошнюю заяву намесніка міністра замежных спраў Польшчы Марціна Басацкага. У эфіры TVP чыноўнік заявіў, што раней “тэмпература ўзаемаадносін была -20 градусаў, цяпер, мажліва, −15”, а “фундаментальныя прычыны, з якіх польска-беларускія стасункі застаюцца кепскімі, не мяняюцца”.

“Мы ўсе разумеем, што сітуацыя не змянілася: рэпрэсіі працягваюцца, людзей працягваюць затрымліваць у Беларусі, Лукашэнка пагражае і шантажуе нашых суседзяў, — заявіла беларускі дэмлідар. — Так што гэта не новы ўзровень стасункаў, гэта пазіцыя з боку Лукашэнкі. З боку нашых еўрапейскіх партнёраў і Польшчы маюцца дакладныя патрабаванні: спыніць рэпрэсіі, затрыманні людзей, транснацыянальныя пераследы, бо людзі знаходзяцца пад пагрозай не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі”.

“Гэта мог бы быць крок з боку Лукашэнкі, каб паказаць гатоўнасць зрабіць нешта для паляпшэння стасункаў. Але зараз мы не бачым ніякіх такіх крокаў”, — канстатавала палітык.

Як паведамляў “Позірк”, па выніках сустрэчы 29–30 красавіка міністры замежных спраў краін Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (NB8; Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя і Эстонія) прынялі сумесную заяву, у якой падкрэслілі, што іх дзяржавы не будуць пераглядаць стасункі з Беларуссю, пакуль тая “застаецца саўдзельніцай вайны” РФ супраць Украіны, “працягвае ўнутраныя рэпрэсіі” і “гібрыдную дзейнасць супраць сваіх суседзяў”.

Падзяліцца: