Мінск 13:48

На канферэнцыі беларусаў свету Ціханоўская прапанавала надаць больш увагі праблеме транснацыянальных рэпрэсій

Фота: "Позірк"

1 траўня, Позірк. Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету стала “не толькі добрай традыцыяй”, але і неабходнасцю, бо гэта “калектыўны мазгавы штурм, <…> каб вырашыць найбольш вострыя праблемы, якія стаяць перад беларусамі замежжа”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 1 траўня ў Варшаве на адкрыцці гэтага — ужо пятага — форуму.

Паводле яе слоў, беларускі рух — гэта “жывы арганізм, які мяняецца, развіваецца, узмацняецца”.

“Змяняюцца знешнія абставіны — змяняемся і мы. Колькі нас ні душаць рэпрэсіямі, ні палохаюць, ні спрабуюць разбурыць нашу еднасць, мы з вамі працягваем упарта рабіць сваю беларускую справу, — адзначыла палітык. — Людзі прыехалі [на канферэнцыю], каб абмяркоўваць пытанні легалізацыі, дакументаў, беларускай культуры і адукацыі, усіх тых, здавалася б, невырашальных праблем, з якімі сутыкаюцца нашыя суродзічы за мяжой”.

Ціханоўская лічыць, што беларусы “вельмі часта недаацэньваюць сябе” і праз сваю сціпласць могуць не заўважаць сваіх “поспехаў, дасягненняў”, не ўсведамляюць сваю “калектыўную сілу”.

“Многія дыяспары і рухі ў свеце, якія апынуліся прыкладна ў такой жа самай сітуацыі, нам зайздросцяць, — заявіла яна. — Раней мы глядзелі на іншых, зараз многія навучаюцца ў нас. Мы маем народныя амбасады, місіі, выдаем пашпарты; працуюць дэлегацыі ў парламенцкіх асамблеях, дзейнічаюць праграмы дапамогі і фонды салідарнасці. Мы з вамі стварылі сістэму. Так, сістэма не ідэальная, вядома, але яна працуе і дае свой плён”.

“За гэты год у нас з вамі атрымалася вырашыць праблемы з дакументамі і легалізацыяй у шэрагу краін. Недзе пачалі выдаваць “пашпарты замежнікаў”, а недзе — прызнаваць пратэрмінаваныя [беларускія] пашпарты. Апошні год быў таксама паспяховы на палітычныя дасягненні. Мала хто мог сабе ўявіць, што Міжнародны крымінальны суд запусціць справу супраць Лукашэнкі, што адбудзецца такі паварот у нашых стасунках з Украінай”, — дадала дэмлідар.

На мінулай канферэнцыі, паводле яе слоў, абмяркоўвалася “чыста гіпатэтычна, як выцягнуць палітвязняў з турмаў”, а цяпер многія з іх ужо на волі. Разам з тым, заявіла Ціханоўская, “за кратамі застаецца больш за 900 чалавек”, таму дэмсілы, беларусы замежжа, іх саюзнікі у Еўропе і ЗША маюць працаваць разам: “Каб кожны і кожная апынуліся на волі, каб мы ўсе маглі вярнуцца дадому”.

“На жаль, на Беларусь працягваюць глядзець праз прызму вайны і бяспекі, — канстатавала яна. — І мы сутыкаемся з новымі выклікамі штодня. Праблемамі легалізацыі, адкрыцця банкаўскіх рахункаў, доступу да адукацыі”.

“З іншага боку, рэжым працягвае вайну супраць беларусаў, мы нават за мяжой не можам пачувацца ў бяспецы. Я б сёння прапанавала надаць больш увагі тэме транснацыянальных рэпрэсій, зрабіць яе адной з прыярытэтных. Тут патрэбная сістэмная праца, актыўная адвакацыя не толькі палітыкаў, але і дыяспары. Без моцнага міжнароднага ціску рэжым не зменіць сваю палітыку, працягне ствараць новыя і новыя пагрозы для нашай супольнасці. Таму нам, як і заўжды, трэба набрацца цярплівасці, закатаць рукавы і працаваць, працаваць, працаваць”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Падзяліцца: