Мінск 20:18

Караеў: Апалчэнцы — гэта людзі, якія ў ваенны час узмоцняць сабой міліцыянера любога звання

Фота: voran.by

29 лістапада, Позірк. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў прыбыў у Воранаўскі раён, каб “азнаёміцца з ходам вучэнняў народнага апалчэння”, паведамляе мясцовае дзяржвыданне “Воранаўская праўда”.

У публікацыі гаворыцца, што чыноўнік “даў ацэнку арганізацыі вучэбных заняткаў, пагутарыў з добраахвотнікамі”.

“Апалчэнцы адпрацоўваюць найпростыя прыёмы пры абыходжанні са зброяй, вытворчасць стрэлу, проста каб яшчэ раз асвяжыць свае навыкі”, — заявіў Караеў.

Сярод удзельнікаў вучэнняў, паводле яго слоў, “шмат дасведчаных вайскоўцаў, якія служылі яшчэ ў Савецкім Саюзе”.

“Група войскаў у Польшчы, Чэхаславакіі, Казахстане, палігоны на Урале, на Далёкім Усходзе — такая геаграфія службы нашых сённяшніх байцоў. Савецкая армія была наймацнейшай у свеце па арганізацыі баявой падрыхтоўкі і нясення службы”, — адзначыў ён.

“Добраахвотнікі — гэта людзі, якія ўзмоцняць сабой міліцыянера любога звання і рангу. Бо калі давядзецца выконваць задачы ва ўмовах ваеннага часу, усе будуць міліцэйскай пяхотай, і кожнаму такому міліцыянеру дадуць некалькі апалчэнцаў для страхоўкі, каб патруляваць, ахоўваць пост, забяспечваць спакойнае праходжанне калон баявой тэхнікі”, — дадаў Караеў.

У мірны час, падкрэсліў ён, неабходна “паспець гэтымі сіламі навучыць тых, хто, калі прыйдзецца, будзе вучыць потым”.

24 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб зборах”, якім мясцовым выканаўчым і распарадчым органам улады даецца права праводзіць штогадовыя навучальныя (праверачныя) зборы працягласцю да 25 дзён з грамадзянамі, якія з’яўляюцца “добраахвотнікамі народнага апалчэння”.

Пасля гэтага ў шэрагу рэгіёнаў пачалася праверка дзейнасці народнага апалчэння.

У чэрвені 2022 года, праз 3,5 месяца пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, Лукашэнка заявіў, што з улікам “негатыўнага ўкраінскага досведу” прыняў рашэнне “на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэта — назваў я яго — народнае апалчэнне, гэтую групку людзей”. “Гэта будзе няшмат. Ну, можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю недзе на складзе. Мы іх прызываем для навучання — яны ўзялі свой аўтамат (гэта ў асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет; што, яны на танках будуць ездзіць? не), каб маглі абараніць свой дом”, — сказаў палітык.

У выпадку ваенных дзеянняў, заяўляў ён, атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны.

Ваенная падрыхтоўка ў Беларусі ў 2026 годзе набыла практычна бесперапынны характар. Паводле падлікаў “Позірка”, ад пачатку года да восені прайшло каля двух дзясяткаў буйных мерапрыемстваў, звязаных з вучэннямі, зборамі тэрытарыяльнай абароны і праверкамі баягатоўнасці. Да сярэдзіны лета на розныя зборы прызвалі больш за 9.400 ваеннаабавязаных з запасу. У траўні Беларусь сумесна з Расіяй таксама правяла трэніроўку па кіраванні стратэгічнымі і тактычнымі ядзернымі сіламі.

Падзяліцца: