Мінск 13:20

МНС паведаміла аб ліквідацыі пажару на рынку ў Полацку

Відэа: тэлеграм-канал выдання "Наша Ніва" са спасылкай на сацсеткі / стоп-кадр: "Позірк"

29 лістапада, Позірк. Адзін чалавек загінуў на пажарах за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6 гадзін 28 лістапада да 6 гадзін 29-га), вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Гібель чалавека ад агню зафіксавана ў Пінску (Брэсцкая вобласць). Паведамляецца, што ахвярай агню стала жанчына 1970 года нараджэння.

Таксама ў зводцы гаворыцца пра начны пажар у “аднапавярховым будынку рынкавага комплексу ў Полацку Віцебскай вобласці па вул. Ф.Скарыны”. Пацярпелых няма. Пажар ліквідаваны, яго прычыны высвятляюцца.

“У выніку здарэння пашкоджаны будынак комплексу, знішчана больш за 50 гандлёвых павільёнаў. На месцы здарэння працавала 11 адзінак тэхнікі”, — паведамляецца ў тэлеграм-канале ведамства.

З пачатку 2026 года ў Беларусі здарылася 5.965 пажараў — на 4% больш, чым за той жа перыяд 2025-га (5.736). У выніку гэтых здарэнняў загінулі 484 чалавекі (+4,8%; 462), траўмаваны — 581 (+5,3%; 552).

МНС рэгулярна карэктуе ў бок змяншэння паказчыкі смяротнасці ад агню. Раней міністэрства тлумачыла гэта тым, што часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца іншая прычына смерці — не праз пажар. І наадварот, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля смерці чалавека.

Падзяліцца: