Мінск 10:21

Банк у Магілёве абрабаваў 40-гадовы мясцовы жыхар — СК

Фота: СК

29 лістапада, Позірк. Пра затрыманне мужчыны, падазраванага ў рабаванні аддзялення банка ў Магілёве, услед за Міністэрствам унутраных спраў паведаміў Следчы камітэт.

Адзначаецца, што ў ходзе пошукавых мерапрыемстваў і агляду прылеглай да банка тэрыторыі, а таксама найблізкай лесапалосы знойдзены “прадмет, вонкава падобны з пісталетам”.

“Па выніках даследавання біялагічныя сляды, узятыя са зброі, супалі з генатыпам 40-гадовага жыхара Магілёва. Мужчына быў аператыўна затрыманы супрацоўнікамі органаў унутраных спраў па падазрэнні ў здзяйсненні разбою”, — гаворыцца ў паведамленні.

З удзелам фігуранта праводзяцца следчыя дзеянні. Ён, як паведамляецца, “дае прызнальныя паказанні”.

“Па месцы жыхарства сваякоў затрыманага выяўленая і канфіскаваная частка з выкрадзеных грашовых сродкаў”, — адзначае СК.

У паведамленні МУС аб затрыманні падазраванага гаварылася аб некалькіх сутках “карпатлівай працы” аператыўнага штаба ў кругласутачным рэжыме. Заяўлялася, што асоба нападніка была ўстаноўленая “па гарачых слядах”.

Адзначалася, што міністр унутраных спраў Іван Кубракоў знаходзіцца ў Магілёве. Пад яго кіраўніцтвам “працягваецца праца па ўстанаўленні абставінаў здзейсненага злачынства”.

Згаданы аператыўны штаб быў створаны ў Магілёве 27 лістапада паводле ўказання Кубракова. У яго, як паведамлялася, увайшлі “самыя дасведчаныя супрацоўнікі розных падраздзяленняў крымінальнай міліцыі МУС, УУС і органаў унутраных спраў магілёўскага гарнізона”.

Рабаванне аддзялення “Беларусбанка” было здзейснена ўвечары 26 лістапада.

Невядомы мужчына, паводле інфармацыі МУС, “пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, завалодаў грашовымі сродкамі на суму каля 8 тыс. рублёў і ўцёк”.

Магілёўскі міжраённы аддзел СК распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 207 КК (разбой, учынены з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры).

Падзяліцца: