Мінск 17:46

Лукашэнка выказаў спачуванне “народу Польшчы” ў сувязі з тэрактам у Кракаве

8 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “выказаў шчырыя спачуванні народу Польшчы ў сувязі з ахвярамі ў выніку тэракту ў Кракаве“, паведаміла прэс-служба палітыка.

“У Рэспубліцы Беларусь з глыбокім смуткам успрынялі вестку аб тэрарыстычным акце ў Кракаве 7 лістапада, ахвярамі якога сталі як грамадзяне Польшчы, так і шэрагу іншых краін. Ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказваю словы падтрымкі родным і блізкім загінулых, пажаданні хутчэйшага выздараўлення пацярпелым, а таксама шчырыя спачуванні ўсяму польскаму народу“, — гаворыцца ў спачуванні, якое з’явілася на наступны дзень пасля інцыдэнту.

На які адрас адпраўлены дэперсаналізаваны тэкст, не ўдакладняецца.

Стыль пасланняў народам, а не ўладам “недружалюбных“ краін Мінск пераняў у Масквы ў 2022 годзе. Недружалюбнымі беларускі і расійскі рэжымы лічаць дзяржавы, не згодныя з іх палітыкай (ушчамленне правоў чалавека, агрэсія супраць Украіны, у выпадку з Мінскам — дадаткова пагроза бяспекі палётаў у сувязі з дэ-факта прымусам да пасадкі ў беларускай сталіцы самалёта Афіны — Вільнюс у траўні 2021 года) і якія ўводзяць санкцыі супраць іх.

Паводле польскага партала onet.pl, днём 7 лістапада мужчына, які перасоўваўся на аўтамабілі, адкрыў стральбу па мінаках на плошчы Галоўны рынак у цэнтры Кракава (Малапольскае ваяводства на поўдні Польшчы), а таксама абстраляў трамвай на плошчы ўсіх святых. Нападніка — 24-гадовага паляка — пераследвала паліцыя, завязалася перастрэлка, у выніку якой той быў цяжка паранены і пасля шпіталізаваны.

Паведамляецца пра 6 загінулых і не менш за 16 параненых, сярод якіх двое паліцэйскіх. Целы яшчэ трох загінулых выяўленыя ў доме стралка. Паводле звестак уладаў, сярод забітых і параненых грамадзяне Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Партугаліі і Расіі.

Нападнік выкарыстоўваў стрэльбу з доўгай руляю. У машыне стралка знайшлі таксама іншую зброю і боепрыпасы.

У Кракаве абвешчаная жалоба да 11 лістапада, на агульнанацыянальным узроўні — да 9-га.

Спачуванні выказалі таксама лідар беларускіх дэмакратычных сіл, кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснік у АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Падзяліцца: