Мінск 23:38

Па “справе Беларускага Гаюна“ асуджана не менш за 240 чалавек — праваабаронцы

2 лістапада, Позірк. Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае інфармацыю як мінімум пра 240 пацверджаных асуджаных па “справе Беларускага Гаюна” (праект маніторынгу ваеннай актыўнасці ў Беларусі, у тым ліку арміі РФ).

Адзначаецца, што агульная колькасць фігурантаў гэтай справы значна большая, затрыманні да гэтага часу адбываюцца па ўсёй краіне.

Паводле даных праваабаронцаў, у асноўным фігурантам справы прызначаюць абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, аднак вядомыя і выпадкі, калі людзей пазбаўляюць свабоды.

У жніўні “Вясна” паведамляла, што некаторым фігурантам справы прапануецца спыніць крымінальны пераслед у абмен на “добраахвотныя ахвяраванні” на карысць дзяржструктур.

Праект “Беларускі Гаюн” быў створаны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём дадзеных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у іншага акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Актывіст папярэдзіў аб пагрозе для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторыя з іх эмігравалі.

У чэрвені мінулага года Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”.

Падзяліцца: