Праз 11 гадоў пасля пачатку будаўніцтва Нежынскага ГАК Лукашэнка задаўся пытаннем, ці добра даследаваныя нетры

2 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка незадаволены тэмпамі будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу (Любанскі раён Мінскай вобласці), гэта вынікае з яго выказванняў 2 лістапада на профільнай нарадзе з чыноўнікамі.
Паводле слоў палітыка, якія прыводзіць яго прэс-служба, увод першай і другой чэргаў будаўніцтва ў вызначаны тэрмін — да 3 ліпеня 2026 года — не быў забяспечаны. Урад абавязаўся ўвесці гэтыя чэргі ва ўдакладнены тэрмін — да 1 лістапада.
Лукашэнка, у прыватнасці, зацікавіўся тым, “ці не памыліліся ў разліках і ці дастаткова добра даследавалі зямныя нетры” ў раёне будаўніцтва ГАК, а таксама “які план дзеянняў для завяршэння праекта ў тэрмін і магчымыя прапановы па далейшым развіцці комплексу”.
Камбінат ён назваў “флагманскім праектам для краіны, вельмі складаным і такім, што патрабуе пастаяннай увагі”.
Згодна з паведамленнем прэс-службы, урад паведамляў Лукашэнку, што “маюцца складанасці з завяршэннем работ і прыёмкай аб’ектаў у эксплуатацыю”.
Разам з тым першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў паведаміў, што аб’екты першай і другой чэргаў “уведзеныя ў эксплуатацыю”. Комплекс выведзены на сярэднесутачную праектную магутнасць, якая адпавядае гадавому выпуску 1 млн тон калійных угнаенняў.
“Сёлета 500 тысяч тон. Налета — жалезна 1 мільён тон, — падкрэсліў чыноўнік. — Усе акты прыёмкі падпісаныя. Першая і другая чэргі ўведзеныя ў эксплуатацыю. Па ўсіх пускавых комплексах атрыманыя заключэнні наглядных органаў”.
Паводле яго слоў, застаецца выканаць, у прыватнасці, аздобныя работы, забяспечыць цеплавую ізаляцыю часткі тэхналагічных трубаправодаў і абсталявання, антыкаразійную абарону металаканструкцый і абсталявання. Усё гэта, запэўніў першы віцэ-прэм’ер, “не перашкаджае нармальнай эксплуатацыі аб’екта і не ўплывае на бяспеку”.
Да канца 2027 года будзе “завершана будаўніцтва трэцяй і чацвёртай чэргаў і нарошчванне вытворчых магутнасцяў да 2 млн т хларыду калію на год”.
“Нам неабходна забяспечыць дасягненне праектных рашэнняў, якія ў канчатковым выніку ўплываюць на эканоміку прадпрыемства (і не толькі прадпрыемства). Будуем у асноўным за крэдытныя грошы, а іх трэба вяртаць, — сказаў Лукашэнка. — Акрамя таго, запуск новай вытворчасці калійных угнаенняў пры поўнай загрузцы стане стабільнай крыніцай паступлення падатковых плацяжоў, валютнай выручкі, дасць развіццё Любанскаму раёну Мінскай вобласці — гэта абавязкова, раён павінен атрымаць сваё развіццё”.
Рэалізацыя праекта па будаўніцтве Нежынскага ГАК “мае агульнадзяржаўнае значэнне і дазволіць цалкам абнавіць сацыяльную інфраструктуру Любанскага раёна”, заявіў Лукашэнка 11 верасня 2015 года на цырымоніі пачатку будаўніцтва комплексу.
Першапачаткова камбінат будавала кампанія расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцэрыева “Слаўкалій”.
Бізнесмен трапіў пад санкцыі ЕС у чэрвені 2021 года. Як адзначаў тады Forbes, у рашэнні Савета ЕС гаварылася, што ён — “даўні сябар” Лукашэнкі, што дазволіла яму “назапасіць значны капітал і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі”.
Сцвярджалася, што Гуцэрыеў “падтрымліваў Лукашэнку ў спрэчках з Расіяй наконт паставак нафты”, і пазначалася, што “кампанія мільярдэра адзіная з расійскіх нафтавых кампаній працягвала экспарт нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы падчас энергетычнага крызісу паміж Беларуссю і Расіяй на пачатку 2020 года”.
Акрамя таго, у дакуменце было пазначана, што яго кампанія “Слаўкалій” будавала прадпрыемства па вытворчасці хларыду калію (Нежынскі ГАК) пад горадам Любань. Заяўлялася, што Лукашэнка “падтрымаў Гуцэрыева пасля таго, як супраць таго ў Расіі распачалі крымінальную справу”, і “дзякаваў Гуцэрыеву за яго фінансавыя ахвяраванні на дабрачыннасць і шматмільярдныя інвестыцыі ў Беларусь”.
Раней адзначалася, што інвестыцыі ў праект ГАК ацэньваліся ў 2 млрд долараў (600 млн — уласныя сродкі і 1,4 млрд — крэдыт Банка развіцця Кітая, прыцягнуты праз “Беларусбанк”).
11 верасня і 4 лістапада 2025 года ЗША ў два этапы знялі санкцыі з авіякампаніі “Белавія”, у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненне да Лукашэнкі і кампаніі “Слаўкалій”, што раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.
Зацікаўленасць у куплі беларускіх мінеральных угнаенняў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пацвердзіў 22 верасня на сумесным брыфінгу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
21 кастрычніка ЗША знялі персанальныя санкцыі з генеральнага дырэктара ААТ “Беларуськалій” Андрэя Рыбакова, які трапіў пад абмежавальныя меры ЗША 9 жніўня 2021 года, калі быў кіраўніком дзяржканцэрна “Белнафтахім”. 16 снежня 2024 года ён быў уключаны ў санкцыйны спіс ЕС і знаходзіцца ў ім дагэтуль.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў 22 кастрычніка ў Мінску пасля сустрэчы з Лукашэнкам паведаміў, што пытанне еўрапейскіх санкцый Беларусь мае намер вырашаць пры дапамозе “аўтарытэту і магчымасцяў ЗША”.
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа дзевяць месяцаў 2026 года адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі перавысіла 3,9 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па зніжэнні афіцыйнага курсу долара ў кастрычніку 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ГрамадстваРасійская касмічная сувязь "Рассвет" можа запрацаваць у Беларусі пасля павелічэння групоўкі спадарожнікаў — МінсувязіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства



