За незаконны вываз падсанкцыйных авіядэталяў у РФ суд у ЗША прыгаварыў грамадзянку Беларусі да 1 года і 1 дня зняволення
2 лістапада, Позірк. Рашэннем федэральнага акруговага суда Злучаных Штатаў Амерыкі 34-гадовая грамадзянка Беларусі Яна Лявонава, якая апошнім часам пражывала ў Расіі, прыгавораная да “12 месяцаў і 1 дня пазбаўлення волі ў сувязі з незаконным экспартам з ЗША ў РФ шматлікіх кампанентаў авіяцыйнага электроннага абсталявання (авіёнікі) ды іншага авіяцыйнага абсталявання”, паведамляе пракуратура ЗША па акрузе Калумбія са спасылкай на федэральнага пракурора Джанін Фэрыс Піра.
Пасля адбыцця турэмнага тэрміну Лявонава, згодна з рашэннем суда, будзе дэпартаваная ў Беларусь.
“У той час як Расія вяла вайну супраць Украіны, Яна Лявонава займалася кантрабанднымі пастаўкамі авіяцыйных кампанентаў амерыканскага паходжання кампаніі, якая пасля была ўключаная ў чорны спіс урада ЗША, — адзначыла Піра. — Яна выкарыстоўвала падстаўныя кампаніі, падробленыя дакументы, замежных пасярэднікаў і банкаўскія рахункі за мяжой, каб хаваць незаконны экспарт і абыходзіць амерыканскія санкцыі”.
“Аднак незалежна ад таго, наколькі складанай была схема і колькі юрысдыкцый яна ахоплівала, следчыя ішлі па слядах доказаў і дамагліся прыцягнення яе да адказнасці. Кожны, хто мае намер выкарыстоўваць амерыканскія ланцужкі паставак для падтрымкі варожых рэжымаў і падрыву нашай нацыянальнай бяспекі, мае зразумець: мы знойдзем вас, будзем пераследаваць вас па-за нашымі межамі і прыцягнем да адказнасці”, — дадала федэральны пракурор.
Паводле інфармацыі ведамства, на судовым пасяджэнні 20 траўня 2026 года Лявонава “прызнала сябе вінаватай у парушэнні закона аб рэформе экспартнага кантролю”.
Згодна з судовымі дакументамі і паказаннямі на пасяджэнні па пытанні прызнання віны, Лявонава і “яе саўдзельнікі з ЗША і Арменіі” пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў 2022 годзе “набывалі авіяцыйныя кампаненты ў дыстрыб’ютараў, якія знаходзяцца ў Злучаных Штатах, і незаконна экспартавалі іх з ЗША ў Расію праз Арменію”. Такім чынам у РФ “былі накіраваныя дзясяткі авіяцыйных кампанентаў, за якія былі выплачаныя мільёны долараў”.
“Лявонава і яе саўдзельнікі распрацавалі маршрут транзітных паставак, каб схаваць той факт, што кампаненты амерыканскага паходжання прызначаліся для Расіі, і абысці экспартны кантроль ЗША, — гаворыцца ў паведамленні. — Выкарыстоўваючы кампаніі, размешчаныя ў Арменіі, Лявонава і яе саўдзельнікі ажыццяўлялі рээкспарт кампанентаў у Расію без неабходных ліцэнзій Міністэрства гандлю ЗША, парушаючы тым самым федэральнае заканадаўства”.
“Экспартаваныя вырабы прызначаліся для выкарыстання на прыватных рэактыўных самалётах ды іншых паветраных суднах, якія эксплуатаваліся або абслугоўваліся былым працадаўцам Лявонавай. Гэтая кампанія была ўключаная ў спіс [падсанкцыйных] арганізацый Міністэрства гандлю ЗША за ажыццяўленне дзейнасці або садзейнічанне дзейнасці, якая супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі ды знешняй палітыкі Злучаных Штатаў”, — падкрэсліла пракуратура па акрузе Калумбія.
Заяўлена, што ў рамках гэтай справы ў лістападзе 2025 года Лявонаву экстрадавалі з Францыі ў ЗША.
-
Грамадства
-
Эканоміка
-
Палітыка, Эканоміка
-
Грамадства
-
ЭканомікаБеларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па зніжэнні афіцыйнага курсу долара ў кастрычніку 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
-
Эканоміка
-
ГрамадстваРасійская касмічная сувязь "Рассвет" можа запрацаваць у Беларусі пасля павелічэння групоўкі спадарожнікаў — МінсувязіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
-
Палітыка
-
Грамадства
-
Грамадства
-
Грамадства
-
Грамадства
-
Грамадства
-
Грамадства
-
Грамадства, Палітыка
-
Палітыка
-
Грамадства
-
Палітыка
-
Грамадства, Палітыка
-
Палітыка, Эканоміка