Мінск 18:35

Амбасадар Агароднікаў уручыў даверчыя граматы кіраўніку ўрада талібаў у Афганістане

Фота: МЗС

1 лістапада, Позірк. Амбасадар Беларусі ва Узбекістане і Афганістане па сумяшчальніцтве Аляксандр Агароднікаў уручыў 1 лістапада даверчыя граматы прэм’ер-міністру Афганістана Махамаду Хасану Ахунду, паведамляе Міністэрства замежных спраў.

“У ходзе гутаркі, якая адбылася пасля ўрачыстай цырымоніі, бакі абмеркавалі магчымыя напрамкі развіцця беларуска-афганскага супрацоўніцтва, уключаючы правядзенне сумесных мерапрыемстваў у бліжэйшай перспектыве”, — гаворыцца ў паведамленні.

Махамад Хасан Ахунд узначальвае ўрад руху “Талібан” у Афганістане з верасня 2021 года.

Аб дасягнутых дамоўленасцях “актывізаваць кантакты ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя і адукацыі” паведаміў МЗС 16 лютага гэтага года па выніках сустрэчы ў Мінску першага намесніка кіраўніка ведамства Сяргея Лукашэвіча з кіраўніцтвам Нацыянальнай карпарацыі развіцця Афганістана.

Бакі адзначылі “значныя перспектывы для нарошчвання паставак у Афганістан беларускай тэхнікі, сельскагаспадарчай і іншай прадукцыі, неабходнай для рэалізацыі буйных праектаў развіцця ў гэтай краіне”, гаварылася ў рэлізе.

У студзені 2025 года Лукашэвіч сустрэўся ў Кабуле з намеснікам кіраўніка МЗС Афганістана Шэрам Мухамадам Абасам Станікзаем (на той момант фігураваў у спісе “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці” КДБ). Мінск пра сустрэчу не паведамляў.

“Пашырэнне беларуска-афганскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва” абмеркаваў 14 чэрвеня 2025-га кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў са спецыяльным прадстаўніком урада Афганістана Фарыдам Азізі падчас візіту ва Узбекістан.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Афганістанам устаноўленыя ў 1999 годзе. Агароднікаў прызначаны амбасадарам у Афганістане па сумяшчальніцтве 11 чэрвеня гэтага года.

У Афганістане кіруе рух “Талібан”. Яго другое кіраванне пачалося ў 2021 годзе пасля вываду з краіны ваеннага кантынгенту ЗША.

“Талібан” — ісламісцкі рэлігійна-палітычны ваенізаваны рух. Прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у Таджыкістане, Турцыі, Канадзе.

У красавіку 2025 года Вярхоўны суд Расіі зняў з талібаў статус “тэрарыстычнай арганізацыі”. У ліпені ў РФ пачаў працаваць амбасадар ісламскага эмірата Афганістан Хасан Гул Хасан.

Падзяліцца: