Мінск 11:38

“Кіберпартызаны BY” і Silent Crow заявілі пра ўзлом баз даных Расстата

Ілюстрацыя: Silent Crow

1 лістапада, Позірк. Ананімныя хакерскі групы “Кіберпартызаны BY” і Silent Crow заявілі аб “паспяховай кампраметацыі і знішчэнні ўнутранай IT-інфраструктуры Расстата — Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі”.

“У выніку аперацыі быў атрыманы доступ да значнай часткі IT-інфраструктуры ведамства, уключаючы цэнтральны апарат, рэгіянальныя падраздзяленні і Галоўны міжрэгіянальны цэнтр апрацоўкі і распаўсюджвання статыстычнай інфармацыі”, — гаворыцца ў заяве.

Сцвярджаецца, што пад кантролем груп “аказалася каля 25.000 машын”.

“Нам удалося ўзламаць і выгрузіць сістэму электроннага дакументазвароту (СЭД); крытычныя інфармацыйныя сістэмы ведамства <…>; базы даных інфармацыйных сістэм Расстата, якія змяшчаюць статыстычную, эканамічную, персанальную інфармацыю і матэрыялы перапісаў; інфармацыю, якая адносіцца да ваенных страт РФ у ходзе вайны супраць Украіны, у тым ліку даныя, прадстаўленыя ў сістэмах Расстата”, — адзначаецца ў паведамленні.

Усяго выгружана 23 тэрабайтаў інфармацыі, асноўны яе аб’ём складаюць “базы даных, унутраныя дакументы, службовая інфармацыя і даныя з працоўных кампутараў супрацоўнікаў”.

“Маштаб таго, што адбылося, выходзіць далёка за рамкі кампраметацыі асобных сервераў або карыстальніцкіх уліковых запісаў. Бо гаворка ідзе аб пранікненні ў інфраструктуру федэральнага ведамства з доступам да цэнтральных і рэгіянальных сістэм, унутраных контураў і масіваў даных, якія прадстаўляюць дзяржаўную і службовую каштоўнасць”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Сёлета 21 ліпеня Вярхоўны суд Расіі прызнаў “экстрэмісцкімі” хакерскія групы “Кіберпартызаны BY” (Cyberpartizans) і Silent Crow і забараніў іх дзейнасць на тэрыторыі краіны.

Адзначалася, што асаблівая ўвага ў рашэнні нададзеная беларускай групе “Кіберпартызаны BY”. Суд лічыць, што аб’яднанне ўваходзіць у структуру “Супраціў”, мэтай якой нібыта з’яўляецца “гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу Беларусі”. Сцвярджаецца таксама, што арганізацыя супрацоўнічае з палком імя Кастуся Каліноўскага, які “ажыццяўляе вярбоўку для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны супраць Узброеных сіл РФ”, і “афіляваная з падраздзяленнем інфармацыйна-псіхалагічных аперацый Узброеных сіл Украіны”.

ВС РФ таксама мяркуе, што “Кіберпартызаны BY” і Silent Crow “шчыльна супрацоўнічаюць паміж сабой і ажыццяўляюць сумесныя кібератакі супраць аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры Расіі і Беларусі для дэстабілізацыі сацыяльнай і палітычнай абстаноўкі ў мэтах змены дзейнай дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.

Група Silent Crow (“Маўклівы крумкач”), паводле дадзеных ВС РФ — гэта “праўкраінскае аб’яднанне ананімных палітычна матываваных хакераў-актывістаў, якія здзяйсняюць кампутарныя злачынствы супраць нацыянальнай бяспекі РФ”. Яе асноўнай мэтай, як заяўлена, “з’яўляецца нанясенне шкоды расійскім дзяржаўным органам, кампаніям і крытычнай інфармацыйнай інфраструктуры”.

Паводле сцвярджэння суда, сярод нападаў, якія звязваюць з абедзвюма групоўкамі, былі ўзломы IT-інфраструктуры “Аэрафлота”, баз даных “Ростелекома”, Росреестра, а таксама сервераў Беларускай чыгункі.

“Кіберпартызаны” — група ананімных хакераў, якая з’явілася ў верасні 2020 года. Вядомыя атакамі на сайты беларускіх сілавых структур, дзяржустаноў і СМІ, размяшчэннем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.

Падзяліцца: