Мінск 14:02

22-гадовы кіроўца загінуў у ДТЗ у Смалявіцкім раёне

Фота: ДАІ Мінскай вобласці

25 верасня, Позірк. Аб смяротным ДТЗ у Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць) паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці.

Адзначаецца, што 25 верасня каля 7:30 на 375-м кіламетры аўтадарогі М-1 Брэст — Мінск — мяжа РФ 22-гадовы кіроўца аўтамабіля “Мерседэс” здзейсніў наезд на грузавік “Рэно” с паўпрычэпам, які стаяў у паласе разгону. Грузавым аўтамабілем кіраваў 25-гадовы кіроўца.

У выніку ДТЗ кіроўца “Мерседэса” загінуў.

Раней паведамлялася, што 21 верасня ў Смалявіцкім раёне здарылася яшчэ адна аўтааварыя з гібеллю чалавека. Адзначалася, што каля 18:20 на 12-м кіламетры аўтадарогі Н-9571 Драчкава — Пятровічы — Каліта, недалёка ад вёскі Куляшоўка 19-гадовы кіроўца аўтамабіля “Таёта” рухаўся “па закругленні дарогі направа” і здзейсніў наезд на 65-гадовую жанчыну.

ДАІ паведаміла таксама аб пацярпелых пасажырах “Таёты”: “14-гадовай дзяўчынцы была аказана медыцынская дапамога, дзве 16-гадовыя дзяўчыны з атрыманымі траўмамі былі дастаўленыя ва ўстанову аховы здароўя”.

У 2025 годзе колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: