Мінск 13:29

У спіс “экстрэмістаў” дададзена 13 чалавек, у тым ліку сям’я Корсакавых

Фота: pixabay.com

25 верасня, Позірк. 13 чалавек дадало ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, Міністэрства ўнутраных спраў 25 верасня. Цяпер у адпаведным пераліку на сайце ведамства 6.930 пазіцый.

Пяць чалавек, унесеных у спіс, асуджана паводле арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці): Ганна Мухіна, Юліяна Малачкова, Дзмітрый Бакей, Дзяніс Гуляшоў і Валянцін Марчук. Насупраць іх прозвішчаў стаіць пазнака “судзімасць не пагашаная” — як правіла, гэта сведчыць аб вынясенні пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі.

З гэтай жа пазнакай у пералік уключаныя Аксана Марыніна (ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 368) і Уладзімір Кісялёў (ч. 1 арт. 368).

З пазнакай “адбывае пакаранне” ў спіс унесена шэсць чалавек: Жанна Яскулд (ч. 1 арт. 3614, ч. 3 арт. 361), Аляксандр Баброў (ч. 1, 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 368), палітвязні Дзмітрый Корсакаў і Таццяна Корсакава (ч. 1 арт. 356, ч. 3 арт. 3331, ч. 4 арт. 295), Пелагея Корсакава (ч. 1 арт. 356), а таксама палітзняволеная Валянціна Навумава (ч. 1 і ч. 3 арт. 130, ч. 1, 2 арт. 3614, ч. 1, 2 арт. 367, ч. 1 арт. 368, арт. 188, ч. 3 арт. 2031, арт. 369, арт. 391).

Паводле даных праваабарончага цэнтра “Вясна”, 57-гадовая Валянціна Навумава доўгі час была членам партыі левых “Справядлівы свет”. Асуджаная Гродзенскім абласным судом 24 ліпеня 2026 года на 7 гадоў пазбаўлення волі. Утрымліваецца ў гродзенскай турме №1. Знаходзіцца ў спісе “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Сям’я Корсакавых 15 верасня была ўнесеная ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Прыгавор па справе сям’і Корсакавых Мінскі гарадскі суд вынес 10 чэрвеня. Пелагея Корсакава, якая пражывае ва Украіне, прысуджаная завочна да 11 гадоў пазбаўлення волі. Яе бацькі — Дзмітрый і Таццяна Корсакавы — асуджаныя адпаведна на 14 і 12 гадоў зняволення. Падрабязнасці крымінальнай справы невядомыя.

У Беларусі антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі для палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ адвольна, у пазасудовым парадку абвяшчаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаўнай палітыцы.

Даведка “Позірку”:

арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 188 — паклёп;

арт. 2031 — незаконныя збор, прадастаўленне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і (або) персанальных даных іншай асобы без яе згоды;

арт. 295 — незаконныя выраб, набыццё, захоўванне, перавозка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў;

арт. 3331 — незаконнае перамяшчэнне праз мяжу моцнадзейных, атрутных рэчываў, зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў;

арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

арт. 356 — здрада дзяржаве;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;

ат. 391 — абраза суддзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя.

Падзяліцца: