Мінск 12:59

КР стварыла камісію па расследаванні злачынстваў рэжыму Лукашэнкі

Ілюстрацыя: КР

25 верасня, Позірк. Рашэнне стварыць камісію па расследаванні злачынстваў, учыненых прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, прынята 25 верасня на пасяджэнні Каардынацыйнай рады (КР), паведамляе яе прэс-служба.

Ініцыятарамі стварэння камісіі выступілі кааліцыі “Каманда Латушкі і рух “За Свабоду”, “Хопіць баяцца!”, “Беларусы дзеяння”, “Воля”.

Камісія будзе займацца зборам, фіксацыяй і захаваннем доказаў, дакументаваннем фактаў злачынстваў і іх абставінаў, а таксама “падрыхтоўкай матэрыялаў і рэкамендацый для будучых механізмаў пераходнага правасуддзя”.

У склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі розных фракцый КР. Кіраўніком стаў Аляксандр Ракіцкі, намеснікам кіраўніка — Міхаіл Кірылюк.

Заяўляецца, што камісія дзейнічае “на прынцыпах вяршэнства права, незалежнасці, бесстароннасці і аб’ектыўнасці”. “Яна не з’яўляецца судом і не вырашае пытанне аб крымінальнай вінаватасці — канчатковая ацэнка доказаў адносіцца да кампетэнцыі суда”, — гаворыцца ў паведамленні.

5 ліпеня 2025-га КР папярэдняга склікання падтрымала стварэнне спецыяльнага міжнароднага трыбунала аб адказнасці за ваенную агрэсію супраць Украіны.

У студзені 2025 года Каардынацыйная рада правяла спецыяльныя слуханні па пытанні адказнасці Аляксандра Лукашэнкі за злачынствы.

У беларускім дэмакратычным руху ўжо дзейнічаюць структуры, якія займаюцца дакументаваннем злачынстваў і парушэнняў правоў чалавека, а таксама пытаннямі будучага правасуддзя. У прыватнасці, працуе праект “Беларускі народны трыбунал”, які збірае сведчанні і доказы злачынстваў, учыненых прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі. У лістападзе 2025-га праект прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

У чэрвені 2026 года юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай прадставіла канцэпцыю прыцягнення да адказнасці за рэпрэсіі ў Беларусі, якая прадугледжвае, у прыватнасці, захаванне доказаў і выкарыстанне нацыянальных і міжнародных механізмаў правасуддзя.

Падзяліцца: