КР стварыла камісію для ўдзелу ў выпрацоўцы пазіцыі дэмсіл і грамадзянскай супольнасці пра міжнародную падтрымку Беларусі (дапоўнена)

дададзеныя абзацы 5–7
12 верасня, Позірк. Дэлегаты Каардынацыйнай рады (КР) прагаласавалі за стварэнне часовай камісіі па падрыхтоўцы дакумента “Ацэнка патрэбаў”, паведаміла 12 верасня прэс-служба КР.
“Мэтай камісіі з’яўляецца забеспячэнне ўдзелу КР у фармаванні кансалідаванай пазіцыі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці адносна прыярытэтаў міжнароднай падтрымкі Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначана, што прапанова стварыць такую камісію паступіла ад фракцыі “Кааліцыя Латушкі і рух “За Свабоду” (лідары — намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ды старшыня руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч).
Старшынёй камісіі абраны Губарэвіч, яго намесніцай — прадстаўніца АПК па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка (фракцыя “Еўрапейскі выбар”).
Адзначаецца, што дэлегаты КР таксама падтрымалі прапанову ўсё той жа фракцыі стварыць сацыяльную камісію. Яе старшынёй абраная Рыта Гаціх (“Кааліцыя Латушкі і рух “За Свабоду”), намесніцай — Станіслава Цярэнцьева (пазафракцыйны дэлегат).
Мэта сацыяльнай камісіі, як заяўлена, палягае ў тым, каб садзейнічаць КР у “выпрацоўцы і каардынацыі падыходаў да сацыяльнай палітыкі беларускага дэмакратычнага руху і падрыхтоўцы сацыяльнай палітыкі будучай дэмакратычнай Беларусі”.
“Стварэнне камісіі па сацыяльных пытаннях дазволіць сфармаваць у КР асобны прафесійны цэнтр распрацоўкі сацыяльнай палітыкі і забяспечыць яе сувязь з працай іншых дэмакратычных інстытутаў”, — падкрэсліла палітычная структура.
Падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Брусэль у кастрычніку 2025 года адбылася сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі і еўрапейскіх інстытуцый. На сустрэчы, арганізаванай Генеральным дырэктаратам Еўракамісіі па пытаннях пашырэння і Усходняга суседства (DG ENEST) і Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў, быў прадстаўлены комплексны трохгадовы даклад “Ацэнка патрэбаў грамадзянскай супольнасці” (Civil Society Needs Assessment). Дакумент распрацавалі прадстаўнікі розных беларускіх сектараў — медыя, праваабарончай сферы, культуры, няўрадавых арганізацый, адукацыі, інш.
Прэс-служба беларускага палітыка тады паведаміла, што еўрапейскі бок “прадставіў агляд існай дапамогі Беларусі і абмеркаваў далейшыя шляхі падвышэння эфектыўнасці падтрымкі”.
“Асаблівая ўвага нададзеная механізмам узаемадзеяння паміж Еўрасаюзам, дэмакратычнымі сіламі і дзяржавамі-членамі, скіраваным на практычную рэалізацыю еўрапейскай падтрымкі беларускага народа”, — гаворылася ў паведамленні.
Ціханоўская падкрэсліла, што еўрапейскія партнёры, “умацоўваючы беларускае грамадства, яго дэмакратычныя сілы, медыя, культуру і НДА”, — умацоўваюць “усходнюю мяжу Еўропы перад расійскай агрэсіяй”.
“Гэта таксама форма стрымлівання — супраць “рускага свету”, які працягвае распаўзацца па рэгіёне. Трэба памятаць: адна толькі вайсковая сіла нічога не вартая без людзей, гатовых абараняць свае каштоўнасці. Чым больш беларусаў праеўрапейскіх і прадэмакратычных, тым больш моцнай і бяспечнай робіцца Еўропа”, — адзначыла палітык.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа першую дэкаду верасня суседнія краіны ЕС зафіксавалі 554 спробы парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка



