Мінск 11:34

Большая частка мерапрыемстваў па праверцы арміі Беларусі каардынуецца з Масквой — прэс-сакратар Пуціна

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

12 верасня, Позірк. Расія ўцягнутая ў працэс праверкі баявой гатоўнасці арміі Беларусі, вынікае з заявы Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзідэнта РФ, якую прыводзіць агенцтва “Інтэрфакс”.

На пытанне журналістаў, ці каардынуе Мінск з Масквой мерапрыемствы па праверцы баявой гатоўнасці беларускай арміі, спікер Уладзіміра Пуціна 11 верасня адказаў: “Маюцца сумесныя мерапрыемствы, а маюцца нацыянальныя мерапрыемствы, якія не каардынуюцца. Але агулам большая частка, вядома, каардынуецца”.

Раней у той дзень Аляксандр Лукашэнка наведваў Абуз-Лясноўскі агульнавайсковы палігон (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці), дзе знаёміўся з развіццём і практычным выкарыстаннем у войсках сістэм сувязі.

Размаўляючы з прадстаўнікамі СМІ, ён сярод іншага адказаў на пытанне, “ці стаіць задача праверыць увесь сілавы блок”.

“Я ўжо казаў па-народнаму: армію трэба страсянуць, надышоў час. Усю армію. Усіх праверым. Аж да мабілізацыі, — папярэдзіў палітык. — Таму ўсе Узброеныя сілы будуць правераныя. Мы сёння рэвізуем войскі сувязі, артылерыю, учора — мотастралковыя падраздзяленні. Праверылі ўнутраныя войскі МУС. Мы іх правяраем паводле прызначэння. Асаблівасць у тым, што без усякай паказухі. Я гэтага не пераношу. Паказуха — гэта хлусня. [Паказуха —] гэта значыць, што мы загубім людзей у баявой абстаноўцы. Як ёсць, так ёсць. Усё мае быць, як у баі. Так трэба рыхтаваць нашы войскі. Гэта ўрокі спецыяльнай ваеннай аперацыі (так расійскія, а ўслед за імі беларускія ўлады называюць вайну, развязаную РФ супраць Украіны. — “Позірк”.). Таму страсянём усе Узброеныя сілы”.

“Робім усё, як будзе на вайне. <…> Рыхтуемся да вайны, каб яе не было”, — заявіў Лукашэнка.

Украінскія ўлады рэгулярна заяўляюць пра спробы Крамля наўпрост уцягнуць сілы Беларусі ў вайну.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: