Мінск 13:21

Жыхар Беларусі, падазраваны ў няўдалым нападзе на самалёт у аэрапорце Лейпцыг-Гале, можа быць звязаны з дыверсіяй у Лодзі — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: Craig Whitehead / unsplash.com

12 верасня, Позірк. Жыхар Беларусі, падазраваны ў няўдалым нападзе атацы на ўкраінскі транспартны самалёт Ан-124 “Руслан” у нямецкім аэрапорце Лейпцыг-Гале, можа быць звязаны з дыверсіяй, што была здзейсненая ў 2024 годзе ў польскай Лодзі, піша Welt am Sonntag.

Нямецкае выданне паведамляе, што ў яго распараджэнні апынуліся раней не апублікаваныя матэрыялы расследавання, журналісты таксама распыталі пра здарэнне “высокапастаўленых супрацоўнікаў органаў бяспекі”.

“Увечары 4 жніўня аэрапорт Лейпцыга зазнаў атаку беспілотніка з выбухоўкай, — гаворыцца ў матэрыяле. — Лятучы апарат быў выяўлены побач з украінскім транспартным самалётам і абясшкоджаны. Абломкі яшчэ двух беспілотнікаў следчыя выявілі непадалёк ад аэрапорта. Паводле інфармацыі крыніц у органах бяспекі, двума асноўнымі падазраванымі з’яўляюцца грамадзянін Беларусі Андрэй К. (раней імя не раскрывалася, СМІ называлі яго жыхаром Беларусі з пашпартам РФ) і расіянін Алег Л. Паводле даных нямецкіх органаў бяспекі, Л., як мяркуецца, адказваў за падрыхтоўку і лагістычнае забеспячэнне атакі. Яго звязваюць з расійскай вайсковай выведкай — ГВУ”.

Са спасылкай на матэрыялы справы Welt am Sonntag заяўляе, што Алег Л. прыляцеў у нямецкі аэрапорт Берлін-Брандэнбург з Турцыі, а пазней праз той жа авіятранспартны вузел накіраваўся ў Сербію і цяпер знаходзіцца ў Расіі.

Паводле інфармацыі выдання, “ужо на момант яго ўезду следчым было вядома, што расіяніна адносяць да атачэння ГВУ”, аднак “назіранне за ім не ўсталявалі”.

“Два з трох выкарыстаных беспілотнікаў, як мяркуецца, былі знішчаныя пры запуску. Чаму гэта адбылося, незразумела, — гаворыцца ў матэрыяле. — Трэці дасягнуў самалёта, але выбуху не адбылося. Паводле даных следчых, усяго меркавалася выкарыстаць каля 1,8 кілаграма выбуховага рэчыва Semtex. Самалёт, які быў мэтай атакі, быў запраўлены прыкладна 25.000 літрамі газы. Паводле ацэнкі следчых, калі б выбуховая прылада здэтанавала, яна выклікала б наймагутнейшы выбух і разбурыла частку аэрапорта”.

Паводле звестак следчых, выбухоўка знаходзілася ў бляшанцы. Выбуху не адбылося, таму што адарваўся запальнік.

“На антэннай канструкцыі, якая, паводле даных уладаў, выкарыстоўвалася для кіравання беспілотнікам, крыміналісты выявілі фрагменты пальчаткі са слядамі ДНК, — піша Welt am Sonntag. — Гэтыя сляды ДНК раней ужо былі зарэгістраваныя ў Фінляндыі і Літве. Там [Андрэй] К. фігуруе ў матэрыялах праваахоўных органаў у сувязі з агульнакрымінальнымі злачынствамі. У Фінляндыі ён, у прыватнасці, праходзіць па справе аб крадзяжы”.

“Польскія ўлады таксама звязваюць К. з пажарам у краме будаўнічых тавараў у польскай Лодзі ўлетку 2024 года (пажар у краме Leroy Merlin напрыканцы ліпеня 2024-га. — “Позірк”.), які лодзінская пракуратура кваліфікуе як дыверсію. Паводле слоў польскіх следчых, і ў гэтым выпадку сляды вядуць у Расію. Той факт, што К. фігуруе і ў сувязі з атакай у Лейпцыгу, расцэньваецца як яшчэ адна прыкмета таго, што дзеянні каардынаваліся расійскімі структурамі”, — адзначае выданне.

Выбухоўка, з дапамогай якой планавалася знішчыць украінскі самалёт у аэрапорце Лейпцыг-Гале, як мяркуецца, трапіла ў Германію праз Балгарыю і Сербію. “Следчыя зыходзяць з таго, што яе перавозілі ў поласцях грузавых аўтамабіляў, пасля чаго хавалі ў схованках у зямлі. Некалькі магчымых схованак паліцыя выявіла ў ваколіцах аэрапорта Лейпцыга пасля аналізу даных арандаванага аўтамабіля, якім карысталіся падазраваныя”, — піша Welt am Sonntag.

Раней вядучыя нямецкія СМІ паведамлялі, што ў ноч на 5 жніўня ў закрытай зоне аэрапорта Лейпцыг-Гале быў знойдзены БПЛА з зарадам выбухоўкі. Ён знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад украінскіх грузавых самалётаў Ан-124 “Руслан”, якія выкарыстоўваюцца для транспартавання зброі і боепрыпасаў на патрэбы Сіл абароны Украіны.

Пазней высветлілася, што дронаў было мінімум тры (адзін з іх, як мяркуецца, сутыкнуўся з грузавым самалётам кампаніі DHL; фрагменты іншага з 50 грамамі гексагену былі знойдзеныя 14 жніўня на полі непадалёк).

Пра тое, што нямецкія следчыя высветлілі асобы двух падазраваных — ураджэнца РФ з латвійскім пашпартам і жыхара Беларусі з пашпартам Расіі — было заяўлена 2 верасня. Атрымалася аднавіць маршрут уезду жыхара Беларусі ў Германію і выезду з яе. Паводле даных нямецкіх СМІ (Süddeutsche Zeitung, NDR і WDR), падазраваны прыбыў на падставе італьянскай турыстычнай візы, што была выдадзеная ў Мінску напрыканцы красавіка.

На пачатку верасня кіраўнік МЗС Італіі Антоніа Таяні паведаміў, што знешнепалітычнае ведамства праверыць абставіны выдачы шэнгенскай візы гэтаму чалавеку.

Абодва падазраваныя паспелі пакінуць ЕС, і следчыя скептычна ацэньваюць шанцы прыцягнуць іх да суда.

Германія, рэагуючы на інцыдэнт, абвясціла пра закрыццё апошняга генеральнага консульства РФ у Боне, а таксама пра скасаванне дагавора і закрыццё “Русского дома” ў Берліне. Масква традыцыйна катэгарычна адмаўляе ўсе абвінавачанні.

Падзяліцца: