Мінск 13:03

Мытня спыніла незаконны ўвоз аўтазапчастак на 200 тыс. рублёў

9 верасня, Позірк. Пра спробу незаконнага ўвозу праз пункт пропуску Казловічы (з польскага боку — Кукурыкі) больш за 2 тыс. незадэклараваных аўтазапчастак паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Груз накіроўваўся з Францыі ў аўтамабілі DAF польскага перавозчыка. Паведамляецца, што неадпаведнасць фактычна перамяшчанага тавару заяўленаму ў суправаджальных дакументах устаноўлена з “ужываннем інспекцыйна-надгляднага комплексу”.

Паводле ацэнкі ДМК, кошт няўлічанай партыі склаў больш за 200 тыс. рублёў, сума падлягаючых выплаце мытных плацяжоў перавысіла 50 тыс. рублёў.

Пачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 15.5 КаАП (недэклараванне альбо прадстаўленне недакладных звестак аб таварах). Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 30% кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, пры гэтым неабходныя мытныя плацяжы таксама прыйдзецца заплаціць.

Падзяліцца: