Мінск 11:27

Ад пачатку года ахвярамі пажараў у Беларусі стала 370 чалавек (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

дададзеныя абзацы 5–9

8 верасня, Позірк. Ад пачатку 2026 года ахвярамі пажараў у Беларусі стала 370 чалавек, сведчаць статыстычныя даныя на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Праведзены Позіркам аналіз паказаў, што гэта на 5,7% больш за колькасць загінулых за аналагічны леташні перыяд (350). У той жа час на 25% знізілася смяротнасць ад агню сярод дзяцей — з 4 да 3.

Колькасць траўмаваных у гадавым вымярэнні вырасла на 17,4% — з 409 да 480; выратаваных — на 35,5% — з 282 да 382.

За восем месяцаў і адзін тыдзень гэтага года ў краіне адбыўся 4.881 пажар — на 8% больш, чым за той жа перыяд 2025-га (4.520). Пры гэтым колькасць знішчаных агнём будынкаў знізілася на 2,6% (з 923 да 899), пашкоджаных — на 13,6% (з 5.078 да 4.390).

Падводзячы вынікі роўна васьмі месяцаў, прэс-служба МНС адзначыла, што прычынай 1.530 з 4.792 пажараў, якія здарыліся за гэты перыяд, сталася неасцярожнае абыходжанне з агнём (у тым ліку 781 — пры курэнні). Адзначаецца, што з гэтай жа прычыны загінуў 251 чалавек (пры курэнні — 214).

“Курэнне і ацяпляльны сезон — два фактары, якія штогод становяцца прычынай сотняў пажараў, — канстатавала ведамства. — Увосень рызыкі ўзрастаюць: людзі часцей кураць дома і эксплуатуюць няспраўныя ацяпляльныя прыборы. Любая неасцярожнасць ператвараецца ў трагедыю”.

Міністэрства звярнула ўвагу, што “тытунь падчас тлення можа разгарэцца нават праз некалькі гадзін”, і заклікала тушыць цыгарэту цалкам, выкарыстоўваць “негаручыя попельніцы”, а таксама не курыць у ложку.

“З пачаткам халадоў узрастае нагрузка на печы, катлы і абагравальнікі, а разам з ёй і колькасць пажараў, — гаворыцца ў паведамленні. — Не выкарыстоўвайце бензін, газу ды іншыя лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці для распальвання печы; не перагравайце печ — лепш паліць менш па часе, але часцей; не пакідайце печ без нагляду, асабліва калі ў доме дзеці або людзі сталага веку; паліце печ толькі сухімі дровамі; не сушыце рэчы на печы і каля яе; не закрывайце засланку, пакуль вуголле цалкам не прагарэла; заканчвайце паліць печ не пазней чым за 2 гадзіны да сну”.

“Калі адчулі пах дыму або гару, спыніце паліць печ, праверце цягу; калі адчулі недамаганне, неадкладна звярніцеся да ўрача”, — заклікала ведамства.

Падзяліцца: