Мінск 23:11

За восем месяцаў МАРГ аштрафаваў аб’екты Белкаапсаюза больш чым на 18 тыс. рублёў

7 верасня, Позірк. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) за восем месяцаў 2026 года па выніках праверак аб’ектаў Белкаапсаюза наклала штрафы на суму больш за 18,1 тыс. рублёў.

Як паведамляе прэс-служба ведамства, “кантрольныя мерапрыемствы” за названы перыяд праведзеныя ў дачыненні да 194 аб’ектаў спажыўкааперацыі. Выдадзена 48 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі тавараў з мінулымі тэрмінамі прыдатнасці і 78 рэкамендацый па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

У суды накіравана 28 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за “прапановы да рэалізацыі пратэрмінаваных тавараў”.

МАРГ прыводзіць статыстыку па трох абласцях.

У Віцебскай вобласці праверана 37 гандлёвых аб’ектаў. Парушэнні ўстаноўлены ў 34 (91,9%). Выдадзена пяць прадпісанняў аб забароне рэалізацыі пратэрмінаваных тавараў.

У Гродзенскай вобласці праверана 38 гандлёвых аб’ектаў. Парушэнні выяўлены ў 31 (86,1%), а таксама ў адзіным правераным аб’екце грамадскага харчавання.

У Магілёўскай вобласці кантрольнымі мерапрыемствамі былі ахопленыя 92 аб’екты спажыўкааперацыі. Парушэнні ўстаноўленыя ў 91 (98,9%). Пры гэтым у дзвюх крамах Шклоўскага райспажыўтаварыства спынена рэалізацыя пратэрмінаваных тавараў і тавараў “сумнеўнай якасці” на суму звыш 220 рублёў. Акрамя таго, выяўлены продаж агароднінных кансерваў па завышаных цэнах.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Вілейцы 7 жніўня заявіў, што праца Белкаапсаюза “застаецца неэфектыўнай”, а ўрад і кіраўніцтва спажыўкааперацыі “не змаглі змяніць сітуацыю да лепшага”.

Паводле яго слоў, за мінулы год колькасць крам у сельскай мясцовасці скарацілася на 314, аўталавак — на 13.

Застаецца стратнай праца арганізацый рознічнага гандлю Белкаапсаюза. За першую палову гэтага года чыстая страта склала 16,4 млн рублёў, павялічыўшыся ў 11 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га. “Калі гэта так, гэта жудасць”, — сказаў прамоўца.

Падзяліцца: