Мінск 15:47

BelPol выявіў чарговае беларускае прадпрыемства, якое працуе з расійскім ВПК, — яно не пад санкцыямі

Ілюстрацыя на сайце прадпрыемства

7 верасня, Позірк. ТАА “НВП “Кантактмодуль” (зарэгістравана ў Мінску) працуе ў інтарэсах вайскова-прамысловага комплексу РФ, але “незаслужана застаецца” без увагі з боку тых, хто займаецца санкцыйнай палітыкай, заяўляе арганізацыя BelPol.

Адзначаецца, што “Кантактмодуль” вырабляе прадукцыю для ўводу і адлюстравання інфармацыі ў складаных умовах эксплуатацыі: бартавыя сістэмы кіравання і вылічальнікі, прыборныя панэлі, пульты кіравання, маніторы, дысплеі спецыяльнага прызначэння, аўтаматызаваныя працоўныя месцы ды інш.

Прадпрыемства, як заяўляе BelPol, актыўна працуе ў інтарэсах вайскова-прамысловага комплексу РФ, у прыватнасці такіх заказчыкаў, як пензенскі “Радыёзавод”, маскоўскія “Абарончыя сістэмы”, “КБ Кунцава”, “Расабаронэкспарт”, Омскі НДІ прыборабудавання, “Ізумруд” з Уладзівастока.

Паводле інфармацыі расследавальнікаў, “Кантактмодуль” даўно супрацоўнічае з расійскім ВПК. У 2019 годзе беларускае прадпрыемства “распрацоўвала панэлі кіравання для камплекта аўтаматызацыі кіравання і стральбы падраздзяленняў зенітных ракетных брыгад вайсковай СПА РФ”.

Супраца з расійскімі прадпрыемствамі вайсковай сферы працягваецца. У 2026 годзе, як сцвярджаецца, “Кантактмодуль” мае паставіць “Абарончым сістэмам” панэлі кіравання і клавіятуры кабіны кіравання зенітна-ракетнага комплексу “Пячора-2М”.

На думку BelPol, сітуацыя з “Кантактмодулем” — гэта “наглядны прыклад таго, як беларуская кампанія можа стаць хабам для зборкі прадукцыі ваеннага прызначэння ў інтарэсах РФ”.

Расследавальнікі заявілі, што сярод камплектуючых, якія выкарыстоўвае прадпрыемства, “маецца салідны працэнт” электронікі і матэрыялаў амерыканскага і еўрапейскага паходжання. Сцвярджаецца, што прадпрыемства выкарыстоўвае электронныя кампаненты, напрыклад, Texas Instruments (ЗША) і STMicroelectronics (Швейцарыя).

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: