Мінск 14:19

Зараз няма прыкмет падрыхтоўкі Беларусі да ўступлення ў вайну — начальнік ГУВ Мінабароны Украіны

Алег Івашчанка
Архіўнае фота: "Укрінформ"

7 верасня, Позірк. Украінскія вайскоўцы сочаць за “спробамі кіраўніцтва Расіі непасрэдна ўцягнуць Беларусь у вайну”, заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Алег Івашчанка ў інтэрв’ю агенцтву “Укрінформ”, апублікаваным 7 верасня.

“Нам вядома, што Масква імкнецца выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю і ваенныя рэсурсы для пашырэння геаграфіі баявых дзеянняў супраць Украіны, — сказаў ён. — Аднак на сёння прыкмет падрыхтоўкі Беларусі да ўступлення ў вайну супраць Украіны няма, узровень ваеннай пагрозы для нашай дзяржавы з беларускага кірунку ацэньваецца як нізкі”.

Разам з тым, паводле яго слоў, “непакоіць наданне Беларуссю дазволу на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі рэтранслятараў радыёсігналаў, якія наводзяць расійскія ўдарныя БПЛА тыпу “Шахед” на ўкраінскія грамадзянскія аб’екты і крытычную інфраструктуру”.

“Таксама адзначаем размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі падраздзяленняў 101-й ракетнай брыгады УС РФ, на ўзбраенні якой знаходзіцца ракетны комплекс сярэдняй далёкасці “Арэшнік”. А калі Беларусь такога дазволу не давала, гэта сведчыць пра тое, што Мінск ужо не кантралюе дзейнасць Расіі на ўласнай тэрыторыі”, — адзначыў Івашчанка.

На пачатку верасня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў, што РФ працягвае чыніць ціск на Беларусь: “У прыватнасці, у пытанні прыцягнення яе ўласных сіл да вайны супраць Украіны”. Разам з тым, паводле яго слоў, непасрэдна зараз нарошчвання сіл на беларускай тэрыторыі — у непасрэднай блізкасці да ўкраінскай мяжы — не фіксуецца.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

РФ патрэбная беларуская мікраэлектроніка — Лукашэнка запэўніў Пуціна: "Мы тут не застанемся голымі"

29 жніўня, Позірк. Улады Расіі зацікаўленыя ў беларускай мікраэлектроніцы, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным 29 жніўня ў Нова-Агарове — падмаскоўнай рэзідэнцыі апошняга. "Нам нашмат лягчэй абмяркоўваць нейкія пытанні для прыняцця рашэнняў, практычна пытанняў …
Падзяліцца: