Пытанне абароны аб’ектаў ад беспілотнікаў уключанае ў парадак дня восеньскіх вучэнняў АДКБ — генсакратар вайскова-палітычнага блока

27 жніўня, Позірк. На восеньскіх вучэннях Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) будзе адпрацоўвацца абарона аб’ектаў ад беспілотнікаў, вынікае з заявы генеральнага сакратара АДКБ Таалатбека Масадыкава ў інтэрв’ю ТАСС, апублікаваным 27 жніўня.
“Наконт абароны аб’ектаў ад беспілотнікаў пытанне ўзнікала. Сёлета ў верасні будуць у Казахстане вучэнні “Рубеж-2026”, канец верасня — пачатак кастрычніка ў РФ — вучэнні “Узаемадзеянне-2026” і пасля ўжо ў Беларусі ў кастрычніку — “Непарушнае братэрства”, — заявіў ён (захаваны арыгінальны стыль). — На просьбу абаронных ведамстваў краін — членаў нашай арганізацыі гэтае пытанне ўключана [ў парадак дня]”.
Масадыкаў паведаміў, што цяпер адпрацоўваюцца “магчымыя варыянты таго, як можна падзяліцца досведам выкарыстання” дронаў, “супрацьдзеяння беспілотнікам і магчымасцямі абароны ад іх”.
“Думаю, вайскова-прамысловыя комплексы РФ, Беларусі ды іншых краін таксама адпрацоўваюць гэтыя пытанні. Вядома, усе спрабуюць навярстаць, бо вайна змянілася, формы вядзення вайны змяніліся. Думаю, гэта вельмі правільнае і адно з найбольш актуальных пытанняў сённяшняга дня па вайсковым складніку АДКБ”, — заявіў генсакратар АДКБ.
І Масква, і Кіеў шырока выкарыстоўваюць беспілотнікі ў поўнамаштабнай вайне, якую Расія пачала супраць Украіны 24 лютага 2022 года, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
На пачатку жніўня 2026 года начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра абароны па пытаннях МВС Валерый Равенка паведаміў, што Аб’яднаны штаб АДКБ узгадніў задумы вучэнняў “Непарушнае братэрства” (Калектыўныя міратворчыя сілы) і “Бар’ер” (сумесныя фарміраванні радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, а таксама медыцынскага забеспячэння), якія пройдуць 12–16 кастрычніка на палігоне “Лосвіда” (месціцца за 13 км на паўночны захад ад Віцебска).
Варта адзначыць, на пачатку чэрвеня Міністэрства абароны заяўляла, што прадстаўнікі “зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў” Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, а таксама Аб’яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ абмеркавалі ў Мінску дэталі гэтых вучэнняў. Тады было заяўлена, што бакі разгледзелі і ўзгаднілі “задумы вучэнняў, склады камандавання і нацыянальных кантынгентаў, парадак розыгрышу практычных дзеянняў, а таксама пытанні арганізацыі ўсебаковага забеспячэння”.
Акрамя таго, паведамлялася, што “праведзеная рэкагнасцыроўка раёнаў правядзення вучэнняў” на двух палігонах — “Лосвіда” і “Старадарожскі” (месціцца ў Мінскай вобласці).
Адзначалася, што на вучэннях плануецца адпрацаваць “падрыхтоўку і правядзенне міратворчай аперацыі Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ і ліквідацыю крыніц біялагічных пагроз”.
У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка



