Мінск 10:39

У 25 раёнах Беларусі забаронена наведваць лясы, дазволена без абмежаванняў — у адным

16 жніўня, Позірк. У 25 з 118 раёнаў Беларусі забаронена наведваць лясы, сведчыць інтэрактыўная карта на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Гэта датычыцца: 15 раёнаў Гомельскай вобласці — Буда-Кашалёўскага, Ельскага, Жыткавіцкага, Жлобінскага, Калінкавіцкага, Кармянскага, Лельчыцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Кастрычніцкага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага, Рагачоўскага, Светлагорскага і Чачэрскага; чатырох раёнаў Мінскай вобласці — Бярэзінскага, Барысаўскага, Крупскага і Слуцкага; трох Магілёўскай вобласці — Мсціслаўскага, Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага; двух Брэсцкай вобласці — Камянецкага, Столінскага; аднаго Віцебскай вобласці — Сенненскага.

Свабоднае наведванне дазволена толькі ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці.

У астатніх 92 уведзеныя абмежаванні, пры якіх у лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, але даступныя пешыя прагулкі, збор ягад і грыбоў.

У Гомельскай вобласці традыцыйна больш раёнаў маюць чырвоны колер на карце Мінлясгаса. Паводле актуальных даных МНС, на тэрыторыі вобласці з пачатку года здарылася 750 пажараў у прыродных экасістэмах: 170 лясных пажараў на агульнай плошчы звыш 263 га, 560 узгаранняў травы і кустоў на плошчы звыш 85 га і 20 тарфяных пажараў на плошчы звыш 2 га.

Нягледзячы на тое, што за пяць гадоў колькасць лясных пажараў у Беларусі зменшылася, кошт шкоды ад іх істотна ўзрос, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У цэлым па краіне ўзгаранняў стала на 22% менш (колькасць знізілася з 1.034 па выніках 2020 года да 807 па выніках 2025-га).

На 2,9% скараціліся выдаткі на тушэнне і ліквідацыю наступстваў лясных пажараў (з 707.397 да 687.215 рублёў).

Разам з тым сума шкоды, нанесенай ляснымі пажарамі за пяцігадовы перыяд, павялічылася ў 102,7 раза — з 962.133 да 98.879.969 рублёў.

Беларусь на працягу апошніх 10–15 гадоў атрымлівала сістэматычнае фінансаванне ў рамках праектаў з Еўрапейскім саюзам па лініі абароны лясоў і падтрымкі службы выратавання.

У рамках праекта ЕС “Польшча — Беларусь — Украіна” (2018–2021), мэтай якога было стварэнне сумеснай сістэмы хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, у Беларусь былі пастаўленыя пажарныя і выратавальныя аўтамабілі, прайшло навучанне персаналу. Бюджэт праекта склаў каля 4 млн еўра (90% фінансавання).

З 2019 па 2020 год рэалізоўваўся праект “ЭкаХім” з акцэнтам на аварыйную экалагічную і хімічную бяспеку, які ўключаў мадэрнізацыю пажарна‑выратавальнага абсталявання і сумесныя вучэнні службаў Беларусі і Польшчы. Агульны бюджэт — больш за 2 млн еўра.

Супрацоўніцтва ЕС з Мінскам у выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі было прыпынена амаль па ўсіх напрамках у сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўдзелам краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: