Мінск 10:51

Жыхару Віцебска з псіхічным захворваннем абвінавачаны ў забойстве 10-месячнай дзяўчынкі

Ілюстрацыйнае фота: rawpixel.com / magnific.com

7 жніўня, Позірк. 27-гадоваму жыхару Віцебска выстаўленае абвінавачанне ў “забойстве загадзя вядомай малалетняй асобы, што знаходзілася ў бездапаможным стане” (п. 2 ч. 2 арт. 139 КК), з санкцыі пракурора ён змешчаны пад варту, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, уначы 25 чэрвеня 2026 года работнікі хуткай дапамогі паведамілі ў міліцыю, што ў адной з кватэр абласнога цэнтра знойдзенае цела 10-месячнай дзяўчынкі.

На целе дзіцяці былі выяўленыя “цялесныя пашкоджанні, якія сведчылі пра крымінальны характар смерці”.

“Як атрывалася высветліць у следчых, 27-гадовага сужыцеля яе маці раздражняла і злавала тое, што малалетняя часта плакала, і ў адзін з дзён чэрвеня гэта стала прычынай гвалту, — гаворыцца ў паведамленні. — Фігурант некалькі разоў ударыў дзіця па галаве. Жанчына ведала пра здарэнне, але не звярнулася да медыкаў і не выклікала праваахоўнікаў. Праз некалькі дзён дзіця перастала дыхаць, і маці выклікала хуткую дапамогу”.

Судова-медыцынская экспертыза паказала, што дзяўчынка памерла ад закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, ускладненай ацёкам і дыслакацыяй мазгоў. Спецыялісты высветлілі, што пашкоджанні “маглі ўтварыцца не менш як за 7–9 сутак да моманту наступлення смерці”.

“Сабраны характарызавальны матэрыял паказаў, што фігурант з’яўляецца асобай з інваліднасцю з прычыны псіхічнага захворвання. У дачыненні да яго прызначана камісійная стацыянарная судовая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза”, — звярнуў увагу СК.

Падзяліцца: