Мінск 09:34

Лукашэнка прапануе Кот-д’Івуару супрацу ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці

Ілюстрацыйнае фота: мультымедыйная служба ААН / flickr.com

7 жніўня, Позірк. Пашырэнне двухбаковай супрацы і ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях “цалкам адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам” Беларусі і Кот-д’Івуара, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 7 жніўня прэзідэнта гэтай краіны ў Заходняй Афрыцы Аласана Драмана Уатару з Днём незалежнасці.

Назваўшы гэтую дзяржаву надзейным партнёрам Мінска, палітык, пасланне якога апублікавала яго прэс-служба, заявіў, што бачыць “значныя перспектывы ў нарошчванні сувязяў і рэалізацыі сумесных праектаў у сферах сельскай гаспадаркі, прамысловай кааперацыі, аховы здароўя, адукацыі”.

На яго думку, сёння Кот-д’Івуар “дынамічна развіваецца дзякуючы эфектыўным рэформам”, з’яўляецца “ўплывовым членам Эканамічнай супольнасці дзяржаў Заходняй Афрыкі” і карыстаецца “заслужаным аўтарытэтам на Афрыканскім кантыненце і па-за яго межамі”.

У віншаванні год таму Лукашэнка выказваў спадзеў на тое, што “будучыя візіты на ўсіх узроўнях і актыўная кааперацыя дзелавых колаў дзвюх краін прынясуць значныя вынікі на карысць абедзвюх дзяржаў”.

У лістападзе 2025 года палітык, віншуючы Уатару з чацвёртым прэзідэнцкім тэрмінам, заявіў, што Мінск гатовы прапанаваць Кот-д’Івуару “свой досвед у сферах сельскай гаспадаркі, паставак тэхнікі і харчавання, медыцыны і інфарматызацыі”.

Актуальных даных пра ўзаемны гандаль паміж краінамі ў адкрытым доступе няма. Паводле архіўнай інфармацыі МЗС, у 2021 годзе тавараабарот Мінска і Ямусукра склаў 60,6 млн долараў (беларускі экспарт — 27,4 млн, івуарыйскія пастаўкі — 33,2 млн). Беларусь пераважна пастаўляла ўгнаенні, прадукцыю металапракату, масла, кнігі і брашуры. У зваротным кірунку ішлі каўчук, арэхі, а таксама какавапрадукты — бабы, паста, парашок, алей.

Падзяліцца: