Мінск 18:09

Мытня паведаміла пра затрыманне перавозчыка наркотыкаў, спаслаўшыся на “экстрэмісцкі” тэлеграм-канал праваабаронцаў

Фота: ДМК

5 жніўня, Позірк. Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК) паведаміў аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да 40-гадовага грамадзяніна Беларусі, які абвінавачваецца ў перавозцы наркотыкаў.

Мужчына затрыманы 31 ліпеня ў Віцебскай вобласці пры ўездзе з тэрыторыі РФ.

Адзначаецца, што мытнікі спынілі аўтамабіль “Фольксваген”, на магчымую перавозку забароненых рэчываў указалі паводзіны службовага сабакі.

“Пры правядзенні мытнага надгляду ў асабістых рэчах кіроўцы выяўлены асабліва небяспечны наркотык — гашыш, а ў аднаго з пасажыраў — прыстасаванні для ўжывання наркотыкаў“, — гаворыцца ў паведамленні.

Крымінальная справа ў дачыненні да кіроўцы распачатая паводле ч. 1 арт. 3281 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу наркатычных сродкаў).

Адметна, што ДМК у сваім рэлізе апублікаваў спасылку на тэлеграм-канал праваабаронцаў MAYDAY.TEAM. Камітэт заявіў, што раней “апазіцыйныя крыніцы дружна распавядалі пра “шакавальныя” дагляды з боку беларускай мытні на беларуска-расійскім участку мяжы”. Паводле сцвярджэння мытні, такія дагляды як раз выяўляюць у грамадзян забароненыя рэчывы.

Тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем” як структурная частка праваабарончага цэнтра “Вясна” рашэннем МУС у жніўні 2023 года.

Кантэнт тэлеграм-канала прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” 5 студзеня 2022 года.

За распаўсюд “экстрэмісцкіх матэрыялаў” (такімі часта прызнаецца любая крытыка ўлады) прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У выпадку сістэматычнага характару такіх дзеянняў, альбо калі яны звязаныя з фінансаваннем, стварэннем “экстрэмісцкага фарміравання“ або удзелам у ім, надыходзіць крымінальная адказнасць.

Падзяліцца: