Мінск 20:38

Кіраўнік Гродна разлічвае “навесці парадак” у пацярпелым ад патопу горадзе “за дзень-два”

Фота: тэлеграм-канал Гродзенскага гарвыканкама

2 жніўня, Позірк. “Парадак навядзем за дзень-два”, — заявіў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель пры наведванні жыхароў найбольш пацярпелых ад падтаплення вуліц (цытата паводле відэа ў тэлеграм-канале мясцовых улад).

У прыватнасці, згаданыя вул. Нёманская і Падпераселка. На кадрах бачныя размытыя вуліцы і пад’езды да індывідуальных дамоў.

Паводле чыноўніка, прыватны сектар пацярпеў мацней за ўсё

“Самая галоўная задача — забяспечыць праезд людзям. Каб не паўтаралася [такое] у далейшым, падключым сюды праекціроўшчыкаў. — адзначыў Хмель. — Усе службы горада сёння працуюць, шмат пашкоджанняў”.

Паводле інфармацыі гарвыканкама, супрацоўнікі МНС адпампоўвалі ваду з падземнага пешаходнага пераходу на вул. Горкага, працягвалі працаваць на вул. БЛК (бульвар Ленінскага Камсамола), раней названай найбольш пацярпелай.

ДзяржСМІ паведамляюць аб удзеле ва ўхіленні наступстваў стыхіі мясцовых жыхароў і актывістаў праўладных арганізацый.

Як паведамлялася, ноччу цэнтр горада быў затоплены. Днём у аднаўленчых работах задзейнічаліся больш за 300 чалавек.

Падзяліцца: