Мінск 15:56

Ціханоўская пацвердзіла, што яе дзецям пагражалі

Святлана Ціханоўская ў студыі ў Варшаве
Крыніца: "Белсат" / скрыншот "Позірку"

2 жніўня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская пацвердзіла паступленне пагроз, у тым ліку яе дзецям.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” (выйшла 1 жніўня) на пытанне аб спробах беларускіх спецслужб ціснуць на палітыка, яна адказала: “Толькі [асабіста] на мяне, — <…> нейкія званкі незразумелыя, у “Тэлеграме” нейкія паведамленні [паступалі]. Але так, каб пагражалі менавіта дзецям, — гэта было ўпершыню ў такім фармаце”.

“Я ведаю, што гэтым кейсам займаюцца прафесіяналы”, — дадала палітык, якая выхоўвае непаўналетніх сына і дачку.

23 ліпеня паведамлялася, што Мінск праінфармаваў Варшаву аб падрыхтоўцы на тэрыторыі гэтай краіны тэрарыстычнага акта.

Беларускае Міністэрства замежных спраў заявіла, што часоваму паверанаму ў справах Польшчы Кшыштафу Ажане была перададзена інфармацыя, якая паступіла ў ведамства “па лініі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь адносна падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта”.

Сцвярджалася, што тэракт рыхтуецца “ў Польшчы асобай, асуджанай у <…> Беларусі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якое было нядаўна пазбаўлена польскімі ўладамі дадатковай абароны і права пражывання ў краіне“.

Мэтай “павінны стаць непаўналетнія дзеці актывісткі, якая жыве ў Польшчы, мае беларускае грамадзянства, з меркаванняў помсты за недастатковыя намаганні па захаванні за згаданай асобай названага вышэй статусу ў Польшчы”.

Польскія спецслужбы не каментавалі гэта, адначасова падкрэсліваючы, што “да ўсёй інфармацыі аб магчымых пагрозах падыходзяць з належнай сур’ёзнасцю”.

Тэму актыўна выкарыстоўвала беларуская дзяржпрапаганда.

Днём пазней у МЗС Беларусі заявілі, што тэракт нібыта рыхтуе “прыхільнік псеўдахрысціянскіх каштоўнасцяў”.

30 ліпеня праўладныя крыніцы абвінавацілі ў падрыхтоўцы да злачынства актывіста Дзяніса Дашкевіча.

Падзяліцца: