Мінск 14:33

15-гадовы падлетак патануў пад Гомелем у рацэ Сож

Фота: СК

1 жніўня, Позірк. Пра ўтапленне ў Гомельскім раёне падлетка паведамляе Следчы камітэт.

“Увечары 31 ліпеня 15-гадовы жыхар вёскі Шарпілаўка разам з прыяцелямі адпачываў на беразе ракі Сож. У неабсталяваным для купання месцы ён зайшоў у ваду і праз некаторы час знік з віду. Падлеткі не паведамілі пра здарэнне дарослым”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што, “калі юнак не вярнуўся дадому ў вызначаны час”, яго блізкія “забілі трывогу і звярнуліся ў міліцыю”.

“Раніцай праваахоўнікі выявілі на беразе ракі яго рэчы. Падчас пошукавых мерапрыемстваў вадалазы праз некалькі гадзін дасталі з вады цела хлопчыка”, — адзначае СК.

Ведамства ўстанаўлівае абставіны здарэння.

У сярэдзіне ліпеня “Позірк” паведамляў, што, паводле звестак МНС, за пяць гадоў (2021–2025) у беларускіх вадаёмах патанулі 1.984 чалавекі, у тым ліку 132 дзіцяці. Асобна ў 2025-м — 282 (12).

Летась доля патанулых у афіцыйны купальны сезон (з 1 мая па 30 верасня) склала 56% (дзяцей — 58%). 59% ахвяр перад утапленнем было ў нецвярозым стане.

Падзяліцца: