Расія збіраецца прыцягнуць беларускіх студэнтаў да будаўніцтва трасы ў Сібіры

31 ліпеня, Позірк. Пра планы ў 2027 годзе прыцягнуць беларускіх студэнтаў да “міжнароднага праекта ў рамках будаўніцтва паўночнага абходу Омска” паведаміў агенцтву ТАСС намеснік старшыні назіральнага савета Расійскіх студэнцкіх атрадаў (РСА), член грамадскага савета Міністэрства транспарту РФ Аляксей Пацейка.
“Будаўніцтву паўночнага абходу Омска мы хочам надаць статус міжнароднага праекта. Мы плануем тут арганізаваць праект “Іртыш — рака дружбы”. Папярэднія дамоўленасці дасягнутыя са студэнцкімі атрадамі і Рэспублікі Беларусь, і Рэспублікі Казахстан”, — сказаў ён.
Паводле інфармацыі ТАСС, у 2025 годзе ў РСА было больш за 400 тыс. студэнтаў і школьнікаў з 85 рэгіёнаў Расіі, “якія атрымалі свой першы працоўны досвед, годны заробак і зрабілі значны ўнёсак у развіццё краіны”. Якая колькасць замежных студэнтаў прыцягвалася да гэтай дзейнасці, не паведамляецца.
Паўночны абход Омска — 66-кіламетровая траса з двума мастамі праз рэкі Іртыш і Ом, пяццю транспартнымі развязкамі і дзевятнаццаццю пуцеправодамі. Будуецца з леташняй восені. Чакаецца, што чатырохпалосная дарога з разліковай хуткасцю 120 км/г дазволіць вывесці транзітны транспарт за межы горада-мільённіка, які месціцца за Уральскімі гарамі — у паўднёвай частцы Заходняй Сібіры.
Праект магілёўскіх праваабаронцаў і журналістаў MAYDAY TEAM паведамляў, што студэнцкі атрад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў складзе 26 чалавек напрыканцы траўня накіраваўся працаваць на чыгунцы ў расійскай Якуціі — другі год запар. У якасці манцёраў шляху (навучаннем займаецца БЧ) студэнты рэстаўруюць чыгуначнае палатно на “малым БАМе” — 400-кіламетровай змычцы паміж Байкала-Амурскай і Транссібірскай магістралямі, якая першапачаткова была пабудаваная вязнямі савецкіх лагераў ва ўмовах вечнай мерзлаты.
Паведамлялася таксама, што Магілёўскі і Бабруйскі медыцынскія каледжы накіроўваюць студэнцкія атрады ў Перм і Чэлябінск для ўдзелу ва ўсерасійскіх нацыянальных праектах “Парма” і “Клініка”, якія рэалізуюцца на падставе рашэння Уладзіміра Пуціна.
Варта адзначыць, што ў большасці расійскіх рэгіёнаў сёння небяспечна. Напрыклад, згаданы Омск 6 ліпеня атакавалі ўкраінскія дроны — нягледзячы на 2.500 км, якія аддзяляюць суб’ект РФ ад мяжы з Украінай. Удар быў па мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе.
Раней беларусы ўжо траплялі ў Расіі пад атакі дронаў: 17 чэрвеня і 2 ліпеня ў Бранскай вобласці. Улады ў Мінску пасля гэтага заклікалі суграмадзян не ездзіць у РФ.
“Я не хачу тут нікога асуджаць, але папрасіць нашых людзей, і асабліва бацькоў, калі мы маем справу з дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час”, — заявіў 18 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка.
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заклікаў беларусаў не наведваць прыгранічныя рэгіёны РФ, бо “там кожны дзень падаюць беспілотнікі, адбываюцца такія нядобрыя выпадкі”.
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць дзяржсектара па крэдытах у гадавым вымярэнні вырасла ў 7,2 разыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ чэрвені працэнтныя стаўкі па крэдытах знізіліся да 10,21% — даныя Нацбанка (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка


