Мінск 16:17

Латушка паведаміў пракуратуры Варшавы пра спробы вярбоўкі членаў КР

Ілюстрацыйнае фота: Craig Whitehead / unsplash.com

30 ліпеня, Позірк. Інфармацыю пра сем спробаў вярбоўкі членаў фракцыі Каардынацыйнай рады (КР) “Латушка і Рух “За Свабоду” накіраваў у Акруговую пракуратуру ў Варшаве адзін з лідараў гэтай групы, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле інфармацыі ў тэлеграм-канале фракцыі, палітык таксама паведаміў пра гэта польскім міністэрствам — замежных спраў, а таксама ўнутраных спраў і адміністрацыі.

“У выпадку, калі ў дачыненні да вас ажыццяўляюцца спробы вярбоўкі на тэрыторыі Польшчы або іншай замежнай дзяржавы, звяртаюся з просьбай да шаноўных калег і каляжанак у Каардынацыйнай радзе, а таксама ў іншых дэмакратычных структурах, інфармаваць Акруговую пракуратуру ў Варшаве (Sygn. akt 3041-8.Ds.101-2025) або пракуратуры па месцы вашага знаходжання на тэрыторыі замежных дзяржаў, — заклікаў Латушка. — Важна перадаваць гэтую інфармацыю праваахоўным органам для таго, каб яны расследавалі яе з пункту гледжання злачынстваў экстратэрытарыяльнага характару, якія масава здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі на тэрыторыі Польшчы і іншых дзяржаў — членаў ЕС”.

Вярбоўка і спробы вярбоўкі сталі інструментам ціску на беларусаў, у тым ліку на тых, хто вымушана пакінуў краіну. Спецслужбы звяртаюцца да такіх грамадзян наўпрост, тэлефануюць з нумароў бацькоў, спасылаюцца на родных, патрабуюць неадкладнага адказу на прапановы аб супрацы.

Напрыклад, праваабарончы цэнтр “Вясна” на пачатку ліпеня паведамляў, што невядомыя людзі спрабуюць выйсці на кантакт з дэлегатам КР Мікітам Семяненкам. Апошнія некалькі дзён, паводле іх інфармацыі, членаў згаданай фракцыі КР “актыўна спрабуюць вербаваць з некалькіх акаўнтаў”.

Падзяліцца: