Мінск 14:11

Пазітыўная дынаміка попыту на інвестыцыі не падмацаваная ўнутранай устойлівасцю бізнесу — Галоўчанка

Ілюстрацыйнае фота: "Гомельская праўда"

30 ліпеня, Позірк. Пазітыўная дынаміка попыту на інвестыцыі не падмацаваная ўнутранай устойлівасцю бізнесу, заявіў 30 ліпеня на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка кіраўнік рэгулятара Раман Галоўчанка.

Паводле слоў Галоўчанкі, відэафрагмент выступлення якога апублікавала прэс-служба Нацбанка, асноўны ўнёсак у прырост інвестыцый забяспечваецца банкаўскім крэдытаваннем, а доля ўласных сродкаў арганізацый зніжаецца. Рэгулятар лічыць гэта “не вельмі пазітыўным”.

Тым не менш у эканоміцы з сакавіка “назіраецца пэўны аднаўленчы трэнд, што выяўляецца ў выхадзе ВУП на 1,5%”. З траўня аднаўляюцца інвестыцыі ў асноўны капітал, за першае паўгоддзе рост забяспечаны на 4,5%, сказаў чыноўнік.

Пазітыўным Галоўчанка лічыць тое, што прадпрыемствы актыўна ўкладваюць сродкі ў тэхналагічнае абнаўленне: па выніках першага паўгоддзя выдаткі на набыццё машын і абсталявання выраслі амаль на 9,5%.

У рознічным тавараабароце рост павялічыўся на 7,6% за паўгоддзе. Больш актыўна за іншых растуць аб’ёмы ў рамках групы нехарчовых тавараў.

Галоўчанка заявіў, што ўсе мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2026 год выкананыя.

“Працягвае запавольвацца інфляцыя, якая знаходзіцца ніжэй за мэтавую траекторыю, — сказаў ён. — У чэрвені гадавы прырост склаў 4,3% супраць 6,8% у снежні 2025 года. Аналізуючы кампаненты інфляцыі, яе структуру, можам сказаць, што гэтае запаволенне носіць структурны характар, а не сезонны, як гэта было ў папярэднія гады. Гэта пацвярджае дынаміка базавай інфляцыі, якая сёлета ў чэрвені ўжо ўвайшла ў межы мэтавага ўзроўню 5%, склаўшы 4,8% супраць 7,3% у снежні 2025 года. З улікам дынамікі гэтых працэсаў у чэрвені было прынятае рашэнне пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання да 9,25% гадавых (да 1 чэрвеня было 9,75% — “Позірк”.)”.

Аб’ём знешнеэканамічных плацяжоў за тавары і паслугі, праведзеных беларускімі банкамі за паўгоддзе, склаў 49 млрд долараў “з ростам больш чым на 3 мільярды долараў за аналагічны леташні перыяд”, адзначыў выступоўца.

Сітуацыю на валютным рынку Галоўчанка назваў стабільнай. Ён звярнуў увагу на тое, што чыстая прапанова замежнай валюты ўсімі ўдзельнікамі склала 800 млн долараў. Міжнародныя рэзервовыя актывы на 1 ліпеня склалі 14,2 млрд долараў, што “забяспечвае тры месяцы імпарту — гэта міжнародна прызнаны паказчык бяспекі”.

Усе банкі “ўключыліся ў працу па фармаванні ўнутранага рынку доўгіх грошай”, адзначыў Галоўчанка. Прырост “безадзыўных банкаўскіх укладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце на тэрмін больш за год склаў 27,7%, аб’ём дэпазітаў тэрмінам больш за тры гады павялічыўся ў 3,8 раза”.

Спажывецкія цэны ў чэрвені 2026 года павялічыліся на 0,3%, у параўнанні са снежнем 2025-га рост склаў 2,9%, у гадавым вымярэнні (да чэрвеня 2025 года) — 4,3%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта — планавых) параметраў развіцця краіны на мінулы год, паказчык не меўся перавысіць 5%.

На гэты год верхняя мяжа інфляцыі запланаваная на ўзроўні 7%.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады пра цэнавую сітуацыю ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 “Аб сістэме рэгулявання цэн” было ўведзенае рэгуляванне цэн на тавары ўсёй спажывецкай карзіны. Пазней у дакумент неаднаразова ўносіліся змены: з яго былі выключаны многія групы тавараў, адкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн.

10 ліпеня 2026 года ўрад паведаміў пра карэктаванне дзейнай сістэмы рэгулявання цэн. Пералік тавараў, на якія яна распаўсюджваецца, скарочаны з 199 да 76 пазіцый.

Падзяліцца: