Мінск 07:18

Не з усімі краінамі арабскага свету ў Беларусі атрымліваецца “выбудаваць сяброўскія стасункі” — Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка і старшыня Арабскага парламента Мухамед Ахмед аль-Ямахі
Фота: прэс-служба беларускага палітыка

20 ліпеня, Позірк. Беларусь зацікаўленая ва “ўмацаванні практычнага вымярэння” супрацы з краінамі Лігі арабскіх дзяржаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 ліпеня ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Арабскага парламента Мухамедам Ахмедам аль-Ямахі.

“Вельмі важна, каб нашыя стасункі з усімі краінамі арабскага свету мелі такі ж узровень, як з [Аб’яднанымі] Арабскімі Эміратамі, Егіптам, Лівіяй, Іарданіяй (прадстаўнікі гэтых краін увайшлі ў дэлегацыю, якую ўзначальвае аль-Ямахі. — “Позірк”.). Нам хацелася б, каб і з іншымі краінамі ў нас былі такія стасункі. Але, скажу шчыра, не заўсёды ў нас атрымліваецца выбудаваць такія сяброўскія стасункі, як з краінамі, якія вы прадстаўляеце”, — цытуе палітыка яго прэс-служба.

Лукашэнка не ўдакладніў, з якімі краінамі ў Мінска не атрымліваецца дасягнуць такіх стасункаў.

Паводле яго слоў, у Беларусі і краін, чые прадстаўнікі прыбылі з візітам, “маецца база і істотная аснова ўмацавання <…> стасункаў — мірны падыход да вырашэння любых пытанняў і вырашэнне ўсіх пытанняў дыпламатычным чынам за сталом перагавораў”.

Арабскім краінам, лічыць Лукашэнка, можа быць цікавае развіццё шматбаковай супрацы з Мінскам: “Вы ведаеце, што Беларусь — магутная машынабудаўнічая краіна з развітой сельскай гаспадаркай, медыцынай, адукацыяй, фармакалагічнай вытворчасцю ды іншымі кірункамі”.

На думку палітыка, “іранскі канфлікт паказаў неабходнасць для арабскіх краін арыентавацца не толькі на буйныя багатыя краіны свету, але і роўнавялікія краіны”, да якіх ён прылічыў Беларусь.

“З усяго трэба рабіць адпаведныя высновы, прызнаваць памылкі, калі яны былі дапушчаныя, і ў далейшым рабіць так, каб іх было менш. Таму мы вам прапануем супрацу, якая б дыверсіфікавала вашыя цяперашнія стасункі”, — заклікаў ён.

Акрамя таго, Лукашэнка заклікаў арабскія краіны “да большага адзінства на міжнароднай арэне”.

“Я прыхільнік таго, каб арабскія дзяржавы былі больш блізкія адна да адной. Каб яны, займаючы кансалідаваную пазіцыю па глабальных і істотных пытаннях у свеце, былі адзіныя ў адстойванні таго ці іншага пункту гледжання. Такая крытыка з маіх вуснаў гучала, асабліва пасля таго, як ізраільскае войска разбамбіла Газу”, — дадаў ён.

Дэлегацыя Арабскага парламента наведвае Беларусь 19–22 ліпеня. Старшыня гэтай структуры аль-Ямахі адначасова з’яўляецца членам Федэральнага нацыянальнага савета ААЭ.

Арабскі парламент — гэта заканадаўчы і кансультатыўны орган Лігі арабскіх дзяржаў. Складаецца з 88 членаў — па чатыры ад кожнай з 22 краін аб’яднання.

Цяпер прадстаўлены 72 дэлегатамі з ААЭ, Алжыра, Амана, Бахрэйна, Джыбуці, Егіпта, Емена, Іарданіі, Ірака, Катара, Лівіі, Марока, Маўрытаніі, Палестыны, Самалі, Саудаўскай Аравіі, Саюза Каморскіх Астравоў і Туніса. Яшчэ 16 чальцоў з Кувейта, Лівана, Сірыі, Судана ў працэсе прызначэння.

Ліга арабскіх дзяржаў — міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае згаданыя краіны (некаторыя з іх не арабскія, але арабская мова там адна з афіцыйных). Створаная 22 сакавіка 1945 года. Ідэя наднацыянальнага парламента ўзнікла праз 10 гадоў пасля з’яўлення Лігі.

Падзяліцца: