Мінск 07:29

Паміж Нацыянальным сходам Беларусі і Арабскім парламентам падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні

Ілюстрацыйнае фота: Rock Staar / unsplash.com

20 ліпеня, Позірк. Пра падпісанне 20 ліпеня мемарандума аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным сходам Беларусі і Арабскім парламентам (АП) паведамляюць прэс-службы Савета Рэспублікі (СР) і Палаты прадстаўнікоў (ПП).

Паводле інфармацыі верхняй палаты беларускага парламента, подпісы пад дакументам паставілі старшыня СР Наталля Качанава і спікер ПП Ігар Сергеенка, а таксама кіраўнік АП Мухамед Ахмед аль-Ямахі.

“Пагадненне мае надаць двухбаковым кантактам рэгулярны характар ​​і стаць працоўным інструментам для збліжэння профільных камісій”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле слоў Качанавай, такая прававая аснова адкрывае “дадатковыя магчымасці для планамернага абмену досведам і паслядоўнага пашырэння сувязей”. Яна заявіла, што для Мінска міжпарламенцкія кантакты з арабскім светам маюць “стратэгічнае значэнне”, бо погляды бакоў на ключавыя аспекты міжнароднага парадку дня “ляжаць у адной плашчыні”.

“Мы шчыра радыя пашырэнню нашага ўзаемадзеяння і атрыманню Арабскім парламентам статусу назіральніка ў МПА СНД, што адкрывае новыя магчымасці для нашай плённай супрацы”, — лічыць старшыня СР.

У сваю чаргу Сергеенка на сустрэчы ў шырокім фармаце заявіў, што падтрымка арабскіх партнёраў на міжнароднай арэне — гэта “доўгатэрміновы і паслядоўны вектар знешняй палітыкі Беларусі”.

Паводле яго слоў, у святле падпісання мемарандума супраца бакоў набудзе “больш сістэмную аснову і напоўніцца новым зместам, які адпавядае духу і патрабаванням часу”.

Арабскі парламент — гэта заканадаўчы і кансультатыўны орган Лігі арабскіх дзяржаў. Складаецца з 88 членаў — па чатыры ад кожнай з 22 краін аб’яднання.

Цяпер прадстаўлены 72 дэлегатамі з ААЭ, Алжыра, Амана, Бахрэйна, Джыбуці, Егіпта, Емена, Іарданіі, Ірака, Катара, Лівіі, Марока, Маўрытаніі, Палестыны, Самалі, Саудаўскай Аравіі, Саюза Каморскіх Астравоў і Туніса. Яшчэ 16 чальцоў з Кувейта, Лівана, Сірыі, Судана ў працэсе прызначэння.

Ліга арабскіх дзяржаў — міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае згаданыя краіны (некаторыя з іх не арабскія, але арабская мова там адна з афіцыйных). Створаная 22 сакавіка 1945 года. Ідэя наднацыянальнага парламента ўзнікла праз 10 гадоў пасля з’яўлення Лігі.

Не з усімі краінамі арабскага свету ў Беларусі атрымліваецца "выбудаваць сяброўскія стасункі" — Лукашэнка

20 ліпеня, Позірк. Беларусь зацікаўленая ва "ўмацаванні практычнага вымярэння" супрацы з краінамі Лігі арабскіх дзяржаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 ліпеня ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Арабскага парламента Мухамедам Ахмедам аль-Ямахі. "Вельмі важна, каб нашыя стасункі з усімі краінамі арабскага …
Падзяліцца: