Мінск 07:22

Узмацненне аховы мяжы з Беларуссю ў прыярытэтах урада — кіраўнік МУС Літвы

Літоўскі плот на мяжы з Беларуссю
Ілюстрацыйнае фота: D. Umbraso / LRT

20 ліпеня, Позірк. Ахову мяжы, кіраванне міграцыйнымі працэсамі, умацаванне трываласці да гібрыдных пагроз і гарантаванне грамадзянскай бяспекі сярод іншага абмеркаваў з амбасадарам ЗША ў Літве Карай Макдональд міністр унутраных спраў гэтай балтыйскай краіны Марцінас Кацялінас.

Прэс-служба літоўскага МУС паведаміла 20 ліпеня, што міністр прадставіў дыпламату “ключавыя прыярытэты ўрада ў сферы ўнутраных спраў”. Адной з найважнейшых задач, як адзначаецца, застаецца далейшае ўзмацненне аховы знешняй мяжы з Беларуссю — за кошт мадэрнізацыі сістэм памежнага назірання і пашырэння магчымасцяў Службы аховы дзяржаўнай мяжы.

Адначасова ўрад мае намер “падвысіць эфектыўнасць кіравання міграцыйнымі працэсамі”, “узмацніць барацьбу з незаконнай перавозкай мігрантаў” і “прадухіліць злоўжыванні сістэмай надання прытулку”.

Як паведамляў Позірк, у праграме 21-га ўрада Літвы пад кіраўніцтвам Міндаўгаса Сінкявічуса ў параўнанні з праграмай ранейшага кабінета міністраў (Інгі Ругінене) назіраецца пэўная змена падыходу да Беларусі.

У прыватнасці, стары ўрад абяцаў “дамагацца адказнасці беларускага рэжыму за арганізаваны ўвоз мігрантаў, які стварыў пагрозу жыццям людзей і парушыў міжнароднае права”, а таксама “ўмацоўваць меры па барацьбе з нелегальнай міграцыяй”. Новае мае намер дамагацца адказнасці “за арганізаванае выкарыстанне нелегальнай міграцыі, якое стварыла пагрозу жыццям людзей і парушыла міжнароднае права”, “умацоўваць барацьбу з нелегальнай міграцыяй ды іншымі гібрыднымі атакамі”.

Урад Ругінене канстатаваў, што “цяперашні аўтарытарны рэжым Беларусі нясе пагрозу для Літвы, бо Беларусь з’яўляецца палітычным і ваенным саюзнікам Расіі”, і абавязваўся прадпрымаць “актыўныя дзеянні для далейшага падтрымання міжнароднай ізаляцыі Расіі і Беларусі”.

У праграме Сінкявічуса наўпрост не пазначана, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі — пагроза для літоўскай дзяржавы. Замест безумоўных “актыўных дзеянняў” па ізаляцыі Мінска ставіцца ўмова: “Калі Беларусь працягне падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны або будзе ажыццяўляць гібрыдныя атакі супраць ЕС або Украіны, мы будзем узмацняць ізаляцыю ды ціск”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў абнародаваным 7 ліпеня інтэрв’ю LRT заклікала новы ўрад Літвы працягнуць прынцыповую палітыку ў дачыненні да Мінска.

9 ліпеня кіраўнік літоўскага МЗС Кястуціс Будрыс заявіў, што “інтарэс Літвы ў адносінах з Беларуссю заключаецца ў гарантаванні [сваёй] бяспекі”. Ён дадаў, што Мінск — крыніца гібрыдных пагроз і розных дзеянняў, скіраваных супраць Вільнюса.

“Пакуль Беларусь працягвае такую ​​палітыку, Літва будзе прытрымлівацца жорсткага курсу, мы будзем дамагацца ўвядзення дадатковых санкцый <…>. Такая наша пазіцыя, і я не бачу тут ніякіх зменаў”, — сказаў Будрыс.

Дарадца літоўскага прэзідэнта Аста Скайсгірыце 14 ліпеня ў эфіры радыёстанцыі Žinių radijas заявіла пра адсутнасць зменаў у палітыцы Літвы ў дачыненні да Беларусі.

Падзяліцца: