Мінск 06:59

Украіне патрэбныя сродкі абароны грамадзян, прамаруджванне каштуе жыццяў — Ціханоўская ў сувязі з чарговым ударам РФ па Кіеве

Фота: Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях

19 ліпеня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская адрэагавала 19 ліпеня на чарговы масіраваны ўдар, нанесены расійскімі вайскоўцамі па сталіцы Украіны.

“Гэтай раніцай мае думкі з жыхарамі Кіева, якія перажылі яшчэ адну ноч тэрору”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

“Расія нанесла масіраваны ракетны ўдар па горадзе, дзе мільёны людзей спрабуюць выжыць”, — канстатавала яна.

Ціханоўская падкрэсліла, што Украіне “патрэбныя сродкі для абароны сваіх грамадзян”.

“Кожнае прамаруджванне каштуе чалавечых жыццяў”, — падкрэсліла дэмлідар.

У выніку ўдару РФ па Кіеве ў ноч на 19 ліпеня адзін чалавек загінуў, 16 атрымалі раненні. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў атаку адной з самых масіраваных з пачатку поўнамаштабнай вайны. Пад удар трапілі пяць раёнаў Кіева, фіксаваліся пажары ў жылых і нежылых будынках, разбурэнні. Паведамлялася, што ўсяго Расія запусціла па Украіне 41 ракету і 125 беспілотнікаў. Зафіксавана трапленне 23 ракет і 10 ударных дронаў.

Цягам апошніх месяцаў РФ рэгулярна атакуе ўкраінскія гарады па паветры. Украіна абараняецца з дапамогай сродкаў СПА, аднак гэта ўскладняецца дэфіцытам адпаведных узбраенняў.

Падзяліцца: