Мінск 02:15

Амерыканскі трэк вызвалення палітвязняў працягваецца, цікавасць да тэмы не згубілася — Ціханоўская

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

18 ліпеня, Позірк. Амерыканскі трэк вызвалення палітвязняў у Беларусі працягваецца, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 18 ліпеня на сустрэчы ў рамках фэсту TUTAKA (урочышча Борык у Падляскім ваяводстве Польшчы).

“Гэта такая тонкая сітуацыя, што немагчыма проста расказваць. Мне вельмі шкада, што людзі спекулююць менавіта на тэме палітзняволеных, — сказала яна. — Я хачу сказаць адно, што ў нас пастаянная камунікацыя з амерыканскім бокам. Мы разумеем, якія адбываюцца працэсы, з намі дзеляцца [інфармацыяй], ёсць каардынацыя. І я спадзяюся… давайце я так скажу, што, канешне, мы зможам пабачыць вызваленых людзей”.

“Я вам хачу сказаць, што цікавасць да тэмы не згубілася. Што была пастаўленая задача [прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, ад яго] прагучала лічба — 1.300. Мы павінны разумець, што палітзняволеных было больш, чым 1.300. Мы разумеем, што нават калі гэтая лічба будзе дасягнутая, за краты працягнуць кідаць людзей. Ёсць шмат людзей, якія не ў спісах праваабарончых арганізацый — з розных прычын, але мы павінны разумець, што гэтыя людзі ёсць”, — падкрэсліла палітык.

Паводле яе слоў, тыя паведамленні, якія людзі пішуць прадстаўнікам ЗША — у прыватнасці спецпасланніку прэзідэнта па Беларусі Джону Коўлу — адносна тых ці іншых палітвязняў, “даходзяць, яны чытаюцца”.

“Працэс, можа быць, цяжкі, мы разумеем, што такія абставіны, але ж працэс ідзе. Проста ведайце пра гэта. З цяжкасцямі, не так хутка, як нам усім хацелася б, але людзі працуюць”, — канстатавала дэмлідар.

Па выніках апошняй сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка 2026 года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся вызваліць 250 вязняў, з якіх 235 было дазволена застацца на радзіме, а 15 вывезена ў Літву (частка пасля накіраваліся ў Польшчу).

Агулам з удзелам Белага дома на волю выйшла больш за 400 чалавек. Наўзамен ЗША паступова здымаюць санкцыі з рэжыма Лукашэнкі.

Чакалася, што Коўл наведае Мінск у траўні, аднак гэтага не адбылося. У чэрвені спецпасланнік Трампа абверг інфармацыю пра тое, што працэс вызвалення беларускіх палітвязняў пад эгідай Вашынгтона прыпынены. Пасля ён даў зразумець, што неўзабаве можа чарговым разам прыбыць у Беларусь.

Пасля тэлефоннай размовы з Лукашэнкам 15 жніўня 2025 года Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial, што мэтай званка было выказаць таму падзяку за вызваленне групы вязняў. “Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных”, — адзначыў ён тады.

Падзяліцца: