Мінск 17:50

Рыжычэнка: У другім паўгоддзі можна чакаць росту цэн — цяперашняя інфляцыя не адпавядае рэчаіснасці

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 20 ліпеня 2026 года ў 11:33

Фота: АПК

19 ліпеня, Позірк. У другой палове 2026 года можна чакаць росту цэн, бо інфляцыя, пра якую справаздачацца ўлады, “зусім не адпавядае рэчаіснасці”, заявіла ў каментарыі “Позірку” прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка.

Яна нагадала, што 10 ліпеня ўрад паведаміў аб карэкціроўцы дзеючай сістэмы рэгулявання цэн. Пералік тавараў, якія падлягаюць яму, скарочаны з 199 да 76 пазіцый.

“Плюс паліўны крызіс — як сусветны, так і ў Расіі. Гэта ўсё адаб’ецца на цэнах на аўтамабільнае паліва, якія будуць расці. Кошт жа паліва ўключаецца ў сабекошт практычна кожнага тавару, асабліва прадуктаў харчавання”, — падкрэсліла эксперт.

Акрамя таго, паводле яе слоў, цяпер ідзе ўборка ўраджаю, якая таксама патрабуе вялікай колькасці паліва.

На думку Рыжычэнкі, Белстат разам з новымі звесткамі аб валавым унутраным прадукце апублікаваў “цікавую лічбу” аб дэфлятары ВУП. “Рост эканомікі ў першым паўгоддзі складае ўсяго 1,5%, а дэфлятар ВУП — 13,3%. Гэта значыць, што цэны ва ўсёй эканоміцы выраслі на 13,3%. То бок фактычна заробкі растуць, выдаткі ў прадпрыемстваў растуць, дзяржвыдаткі растуць. Пры гэтым прадпрыемствы не зарабляюць так шмат, наколькі хутка растуць выдаткі. Гэта значыць, разрыў паміж прадукцыйнасцю працы і ростам выдаткаў, ён застаецца ў нас [і] дагэтуль велізарны”, — сказала эканаміст.

Спажывецкія цэны ў чэрвені 2026 года павялічыліся на 0,3%, у параўнанні са снежнем 2025-га рост склаў 2,9%, у гадавым вымярэнні (да чэрвеня 2025-га) — 4,3%.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта — планавых) параметраў развіцця краіны на мінулы год, паказчык не павінен быў перавысіць 5%.

На бягучы год столя інфляцыі запланаваная на ўзроўні 7%.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай ураду ад 19 кастрычніка 2022-га № 713 “Аб сістэме рэгулявання цэн” было ўведзенае рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней у дакумент неаднаразова ўносіліся змены: з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн.

Падзяліцца: