Мінск 14:09

У чэрвені МУС знішчыла 70 тон маку і канопляў

Фота: agrostory.com

12 ліпеня, Позірк. Амаль 70 тон маку і канопляў выяўлена і знішчана ў Беларусі ў чэрвені 2026 года, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

“За незаконныя пасеў і вырошчванне забароненых да вырошчвання нарказмяшчальных раслін складзена больш за 600 адміністрацыйных пратаколаў”, — адзначае ведамства.

Гэтыя дзеянні з’яўляюцца часткай спецыяльнай праграмы “Мак”, якая працягнецца па 15 верасня, гаворыцца ў паведамленні.

“Мэтай [праграмы] з’яўляецца ліквідацыя наркасыравіннай базы расліннага паходжання. У мерапрыемствах прымаюць удзел супрацоўнікі міліцыі розных падраздзяленняў сумесна з калегамі з іншых праваахоўных органаў і грамадскіх фарміраванняў”, — заяўляе ведамства.

Падкрэсліваецца, што “вырошчванне альбо захаванне на сваіх участках падобных культур цягне прадугледжаную законам адказнасць”.

“У выпадку выяўлення незаконных насаджэнняў ўладальніку ўчастка пагражае штраф да 20 базавых велічынь (900 рублёў), а за вырошчванне такіх раслін з мэтай збыту прадугледжана крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў”, — паведамляе МУС.

Міністэрства заклікае кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый “добрасумленна ставіцца да апрацоўкі палёў, уважліва аглядаць усе падведамныя землі, распачаць меры па знішчэнні і недапушчэнні росту дзікарослых нарказмяшчальных раслін”.

У 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м, вынікае са звестак Вярхоўнага суда.

За ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась асуджаныя 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%). З іх 2.077, або 92,2%, прызнаныя вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: