Мінск 00:07

Распачата спецыяльная вытворчасць у дачыненні да Андрэя Сушы, які зляцеў з Беларусі на параплане

8 ліпеня, Позірк. Пра пачатак 8 ліпеня спецыяльнай (завочнай) вытворчасці ў дачыненні да 48-гадовага Андрэя Сушы паведамляе спецыялізаваны тэлеграм-канал Следчага камітэта.

Яму ставяцца ў віну дзеянні, якія караюцца паводле ч. 1 арт. 368, арт. 369, ч. 1 арт. 371, арт. 391, ч. 1 і 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 366, арт. 364, ч. 3 арт. 3611 КК.

Абвінавачанаму прапанавана з’явіцца ў Ленінскі раённы аддзел СК па Мінску.

Мужчына вядомы тым, што летам 2021 года праз крымінальны пераслед па палітычных матывах, пакідаючы Беларусь, перасек мяжу на матапараплане, праляцеўшы на ім каля 60 км, і здаўся літоўскай паліцыі.

Спецыяльная вытворчасць адкрывалася ў Беларусі ў дачыненні як мінімум да 178 чалавек.

Гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Яна магчымая паводле 34 складаў злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш. Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачання, правядзення судоў і канфіскацыі паводле іх рашэння маёмасці фігурантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Даведка “Позірку”:

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім;

3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

364 — гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;

366 — гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак;

368 — абраза прэзідэнта;

369 — абраза прадстаўніка ўлады;

371 — незаконнае перасячэнне мяжы;

391 — абраза суддзі або народнага засядацеля.

Падзяліцца: