Мінск 11:03

Літоўскія памежнікі ўпершыню перахапілі ў адным месцы чатыры дроны з беларускімі цыгарэтамі

Фота: vsat.lrv.lt

8 ліпеня, Позірк. Літоўскія памежнікі ўпершыню перахапілі ў адным месцы чатыры дроны з беларускімі цыгарэтамі, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Гэта адбылося ў ноч на 4 ліпеня ў раёне вёскі Ясканяс Друскінінкайскага муніцыпалітэта за 1 км ад мяжы з Беларуссю.

Дронь пераносілі агулам 4.998 пачкаў цыгарэт.

Адзначаецца, што ўвечары 3 ліпеня (у Беларусі ўлады святкавалі Дзень незалежнасці) памежнікі “пачулі ў цемры гукі, характэрныя для некалькіх беспілотных лятальных апаратаў”. “Амаль адначасова” яны заўважылі аб’екты, якія ляцелі з беларускага боку, і “ўжылі некалькі сродкаў процідзеяння”. Усе чатыры дроны з грузам “адзін за адным упалі на зямлю”.

На пошук дронаў былі накіраваныя дадатковыя сілы. Уначы і раніцай яны былі знойдзеныя.

Кантрабандысты з Беларусі планавалі пераправіць у Літву цыгарэты Queen Mentol, NZ Gold і Minsk 5 Superslims з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт грузу, уключаючы падаткі, якія падлягаюць выплаце ў Літве, складае “больш за 27,5 тыс. еўра”. Праводзіцца дасудовае расследаванне.

Канфіскаваныя дроны і цыгарэты захоўваюцца на памежным пункце Друскінінкай. За шэсць месяцаў 2026 года памежнікі збілі 29 дронаў, якія перавозілі кантрабандныя цыгарэты з Беларусі, паведамляе САДМ.

У 2025 годзе было канфіскавана 59 дронаў з цыгарэтамі, у 2024-м — 54.

Падзяліцца: