Мінск 21:12

Асобным раёнам Магілёўскай і Віцебскай абласцей выдзеляць сродкі з дзяржбюджэту — указ Лукашэнкі

7 ліпеня, Позірк. Асобным раёнам Магілёўскай і Віцебскай абласцей паступяць трансферты з дзяржаўнага бюджэту для пакрыцця да 35% капітальных выдаткаў, панесеных пры рэалізацыі інвестпраектаў з прыцягненнем крэдытаў ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”. Адпаведны ўказ № 216 “Аб мерах па развіцці асобных рэгіёнаў” 7 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

У дакуменце, як заяўляецца, замацаваныя меры для “надання дадатковага імпульсу сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёнаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці і рэгіёна Паазер’я ў Віцебскай вобласці на перыяд да 2030 года”.

Гаворка пра Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі раёны Магілёўскай вобласці, а таксама Браслаўскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Міёрскі, Полацкі і Ушацкі раёны — Віцебскай.

Указ “дазволіць сфармаваць спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця рэгіёнаў, стварэння на іх тэрыторыях новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў”, гаворыцца ў паведамленні.

Устанаўліваюцца патрабаванні да інвестпраектаў, якія прэтэндуюць на трансферты: у іх павінна быць пацверджана эканамічная эфектыўнасць і абгрунтаваныя тэрміны акупнасці.

“Прадугледжваецца таксама зацвярджэнне на 2026–2030 гады праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці і дапаўненне адпаведным раздзелам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці. Гэтыя дакументы павінны быць разгледжаныя абласнымі саветамі дэпутатаў”, — адзначае прэс-служба аўтара ўказа.

Замацоўваецца адказнасць службовых асоб за “эфектыўнасць рэалізацыі прапісаных ва ўказе мер”.

Удакладняецца, што для згаданых раёнаў Магілёўскай вобласці прадугледжаны “шэраг дадатковых мер”. У іх ліку: “раўнадолевае фінансаванне закупкі тэхнікі за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў у рамках тэхнічнага перааснашчэння арганізацый”, а таксама “магчымасць закупкі цялушак і нецеляў буйной рагатай жывёлы сельгасарганізацыямі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту”.

Банк развіцця Рэспублікі Беларусь — дзяржаўны спецыялізаваны фінансавы інстытут, які створаны ў 2011 годзе Саветам міністраў і Нацыянальным банкам з мэтай фінансаваць дзяржаўныя праграмы, буйныя інвестыцыйныя праекты і падтрымліваць развіццё эканомікі.

Банк дае доўгатэрміновыя крэдыты прадпрыемствам, фінансуе інфраструктурныя праекты і ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўнай эканамічнай палітыкі.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Банк развіцця Беларусі апынуўся пад санкцыямі Еўрапейскага саюза і шэрагу іншых краін.

Гл. таксама:

Услед за Віцебскай вобласцю Лукашэнка заклапаціўся падзяжом жывёлы ў Магілёўскай

Лукашэнка запатрабаваў “выразны, канкрэтны, выканальны” антыкрызісны план для Віцебскай вобласці

У першым квартале па эканамічным развіцці лідарам сярод рэгіёнаў была Брэсцкая вобласць, аўтсайдарам — Магілёўская

Падзяліцца: