Да 8 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны за хабар і махлярства былы дырэктар энергетычнага прадпрыемства
7 ліпеня, Позірк. Суд Крычаўскага раёна (Магілёўская вобласць) прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўлення волі былога дырэктара энергетычнага прадпрыемства, паведамляе Генеральная пракуратура.
Фігурант прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 209 (махлярства) і ч. 1 і 2 арт. 430 (атрыманне хабару) Крымінальнага кодэкса. Таксама ён аштрафаваны на 3.000 базавых велічынь (135 тыс. рублёў) з пазбаўленнем права цягам пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
“У даход дзяржавы канфіскаваны здабытыя злачынным шляхам грашовыя сродкі ў памеры 1,1 тыс. долараў ЗША, з улікам добраахвотнага пакрыцця часткі злачыннага даходу з абвінавачанага таксама спагнана звыш 200 тыс. рублёў”, — адзначае нагляднае ведамства.
Паведамляецца, што кіраўнік, у абавязкі якога не ўваходзіў удзел у пасяджэннях конкурснай камісіі па закупцы тавараў, пры правядзенні прадпрыемствам у 2018 годзе закупкі на пастаўку абсталявання для цеплаэнергетычнай станцыі “паабяцаў прадстаўнікам камерцыйнай арганізацыі пралабіраваць іх інтарэсы і забяспечыць перамогу”.
“Паводле вынікаў працэдуры закупкі прыватны суб’ект гаспадарання перамог у тэндары, аднак фактычна генеральны дырэктар уплыву на вынікі працэдуры не аказваў. За нібыта выкананыя абавязацельствы ў 2020 годзе ён атрымаў 80 тыс. долараў ЗША”, — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, як заяўляецца, з 2023 па 2025 год менеджар “неаднаразова атрымліваў ад прадстаўнікоў іншай камерцыйнай арганізацыі за забеспячэнне аплаты тавараў за пастаўку энергетычнага абсталявання хабары ў замежнай валюце на агульную суму звыш 7 тыс. долараў ЗША”.
Абвінавачаны ў судзе прызнаў віну часткова, ён адмаўляў здзяйсненне махлярства і атрыманне хабару “па адным з інкрымінаваных эпізодаў злачыннай дзейнасці”.
Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 прыгаворана да пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.
У мінулым годзе самы буйны хабар быў атрыманы ў крыптавалюце — на суму, эквівалентную 360 тыс. долараў, паведаміў у сакавіку прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч.
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш як 30 гадоў карупцыя так і не была пераможана.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаМУС Грузіі выслала чарговую групу замежных грамадзян, у тым ліку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаАгульны камітэт па дэмакратыі ПА АБСЕ зацвердзіў праект рэзалюцыі пра правы чалавека ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка



