Мінск 12:05

Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны заклікаў не рабіць з Беларусі “яшчэ аднаго ворага”

Кірыл Буданаў Відэа: "РБК-Украіна" / стоп-кадр: "Позірк"

7 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка, “мяркуючы з усяго, пачуў” перасцярогі Украіны, такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю “РБК-Украіна” кіраўнік адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта Кірыл Буданаў.

“Але ў прынцыпе я больш спакойна ставіўся б да пытання Беларусі. Не трэба нам рабіць яшчэ аднаго ворага”, — працягнуў ён сваю думку.

“Я не ў тым сэнсе, што мы самі нешта там эскалюем, не. Але ў прынцыпе мець яшчэ аднаго ворага і яшчэ адну зону баявых дзеянняў нам дакладна не выгадна. Тое, што яны нас пачулі, — гэта вельмі правільны крок. І трэба ўспрымаць яго менавіта так”, — лічыць Буданаў.

Пры гэтым ён адзначыў, што “не разумее, для чаго ў тэорыі” Лукашэнку трэба нападаць на Украіну. На думку спікера, магчымая вайна з Украінай для Беларусі “завершыцца крахам”.

“Бо з аднаго боку Расія, якая будзе душыць у брацкіх абдымках і задушыць у такіх умовах да канца. І яны гэта цудоўна ведаюць. З іншага боку Украіна, якая, скажам так, нешта можа. Таму [Беларусі нападаць на Украіну] няма ніякага сэнсу. Адпаведна, станам на цяпер, на момант размовы, пагроз нейкіх, я не кажу толькі пра наступ на зямлі, я не бачу”, — сказаў кіраўнік офіса Зяленскага.

6 ліпеня ў Мінску Лукашэнка запэўніў афіцэраў, што ніхто іх “у гэтую бойню пасылаць не будзе”, бо Беларусі вайна не патрэбная, і “гэта дрэнна, што вайна ідзе ва Украіне”.

Пры гэтым ён абвінаваціў сусветную супольнасць у зацягванні вайны ва Украіне (“Партыя вайны” усімі сіламі імкнецца да зацягвання гэтага ўзброенага супрацьстаяння, міжнародная “партыя вайны”), не згадаўшы, што поўнамаштабную агрэсію пачатку РФ, а ўкраінскі бок абараняецца.

У апошні час Украіна заняла больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Мінска. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна запатрабаваў ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць любую падтрымку Расіі.

На фоне папярэджання Кіева пра наступствы за дапамогу Маскве, а таксама двух інцыдэнтаў, калі на тэрыторыі РФ пад удар трапілі два аўтобусы з беларускімі грамадзянамі, Лукашэнка зрабіў шэраг дыпламатычных крокаў для ўмацавання сваіх пазіцый.

Напрыканцы чэрвеня ён здзейсніў візіт у Расію і сустрэўся з яе прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным (дэталі перагавораў, якія, паводле паведамленняў прэс-службаў палітыкаў, праводзіліся на працягу двух дзён, не раскрытыя). Незадоўга да сустрэчы прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў заявіў, што суразмоўцы маюць намер абмеркаваць у тым ліку “пагрозы Уладзіміра Зяленскага на адрас Мінска”.

Пасля гэтага Лукашэнка наведаў Кітай і сустрэўся са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, які выступіў у абарону “дзяржаўнага суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці” Беларусі, а таксама выбару “шляху развіцця, які адпавядае яе ўласным нацыянальным умовам”. Потым палітык пабываў у Інданезіі і М’янме, сустрэўся з кіраўніцтвам гэтых краін.

Падзяліцца: