Мінск 15:24

Лукашэнка прызначыў Каткавец сваёй памочніцай па Магілёўскай вобласці

Надзея Каткавец на працэдуры прызначэння 8 ліпеня 2026 годаФота
Фота: сайт Аляксандра Лукашэнкі

8 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 8 ліпеня зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў, паведамляе яго прэс-служба.

Найбольш знакавай фігурай з’яўляецца новая памочніца Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец. З ёй ён працаваў яшчэ ў бытнасць старшынёй саўгаса “Гарадзец” у Шклоўскім раёне.

За гады працоўнай дзейнасці 65-гадовая чыноўніца змяніла шмат месцаў працы, сярод якіх можна адзначыць пасады першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэктара Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі, намесніка кіраўніка справамі прэзідэнта, намесніка генеральнага дырэктара Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.

Таксама Лукашэнка прызначыў памочнікамі па Гомельскай вобласці і Мінску адпаведна Юрыя Валеватага (да гэтага першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама) і Дзмітрыя Рэуцкага (намеснік старшыні Камітэта дзяржбяспекі).

Новыя пасады старшыняў Бабруйскага і Шклоўскага райвыканкамаў Магілёўскай вобласці атрымалі адпаведна Аляксандр Каўранін (працаваў першым намеснікам старшыні Бабруйскага райвыканкама) і Міхаіл Крыцкі (старшыея таго ж выканкама).

Даючы настаўленні прызначэнцам, Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што пасада яго памочніка ў тым ці іншым рэгіёне — у “пэўным сэнсе часовы прамежкавы пост“. “Вы, калі можна так сказаць, вочы і вушы прэзідэнта… Я вам кажу пра эканоміку, арганізацыю вашай працы, але не забывайце, што вы і палітыкі там, на месцах“, — заклікаў ён падначаленых.

Лукашэнка таксама заявіў пра неабходнасць “стварыць узорны адносна [Шклоўскі] раён для капіявання па ўсёй краіне”.

“Хачу ўсіх памочнікаў папярэдзіць, карысна гэта пачуць і старшыням райвыканкамаў: я не хачу ніякіх канфліктаў паміж памочнікам і губернатарам. І тыя, і тыя — мае дзеці, вобразна кажучы“, — сказаў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што гэта не значыць, што памочнікі павінны хадзіць і браць пад казырок перад кіраўнікамі аблвыканкамаў.

“Так, трэба дапамагаць. Вы будзеце адказваць за развіццё сітуацыі ў вобласці. Але трэба мець свой пункт гледжання. Вы — інспектары па кадрах. Кадры вырашаюць усё, як казаў класік. Ёсць добры кіраўнік — значыць, справа пойдзе. Таму праз кадры, якія вы будзеце курыраваць на месцах, я буду глядзець на вашу працу“, — заявіў прамоўца.

Ён таксама заявіў, што “трэба зберагчы нашу краіну ад катаклізмаў і войнаў, каб мы спакойна, ціха рабілі сваю справу і каб Беларусь развівалася тымі тэмпамі, як цяпер”.

Падзяліцца: