Мінск 11:43

Невядомыя вярбуюць беларускіх грамадзян, прапаноўваючы ім працу “вулічных журналістаў”, заяўляе Мінінфарм

Ілюстрацыйнае фота: Global Look Press

1 ліпеня, Позірк. У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца “падазроныя вакансіі” аб падпрацоўцы” вулічным журналістам”, прэтэндэнтам абяцаная “высокая зарплата і добрыя ўмовы працы” — “на справе гэта класічная схема вярбоўкі”, паведаміла 1 ліпеня Міністэрства інфармацыі.

“Спачатку чалавек бачыць рэкламную аб’яву з прывабнымі ўмовамі і адгукаецца на яе. Далей пераходзіць у закрыты чат, у якім яму выдаюць бяскрыўдныя на першы погляд заданні: зрабіць фатаграфіі пэўных месцаў, зафіксаваць маршруты, сабраць інфармацыю аб аб’ектах або людзях”, — заяўляе ведамства.

“Выконваючы такія даручэнні нават без злога намеру, вы становіцеся саўдзельнікам супрацьпраўнай дзейнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мінінфарм заклікаў грамадзян правераць інфармацыю аб працадаўцах.

Падрабязнасці ведамства не прыводзіць.

З 2020 года ўлады Беларусі актыўна душаць незалежныя крыніцы інфармацыі. За супрацоўніцтва з недзяржаўнымі СМІ, якія працуюць у эміграцыі, прадугледжаная крымінальная адказнасць.

Падзяліцца: