Мінск 11:13

Масква і Мінск на ўзроўні МЗС абмеркавалі “ваенна-біялагічную дзейнасць” ЗША ва Украіне

1 ліпеня, Позірк. Аб праведзеных 30 чэрвеня ў Маскве расійска-беларускіх кансультацыях паміж МЗС па пытаннях забеспячэння біялагічнай бяспекі паведаміла Міністэрства замежных спраў РФ.

Дэлегацыю МЗС Расіі на кансультацыях узначальваў намеснік дырэктара дэпартамента па пытаннях нераспаўсюджвання і кантролю над узбраеннямі Канстанцін Варанцоў, Беларусі — начальнік аддзела міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Васіль Паўлаў.

Адзначаецца, што ўдзельнікамі кансультацый “праведзены абмен ацэнкамі пагроз біялагічнай бяспекі на міжнародным і рэгіянальным узроўнях“. Асаблівая ўвага нададзена “ваенна-біялагічнай дзейнасці ЗША на тэрыторыі Украіны”.

Абмеркавана рэалізацыя двухбаковага міжурадавага мемарандума аб узаемаразуменні па пытаннях забеспячэння біялагічнай бяспекі, уключаючы “канкрэтныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва“. Разгледжаныя “магчымасці па аптымізацыі і павышэнню эфектыўнасці ажыццяўлення мэтаў і палажэнняў гэтага дакумента“, адзначае расійскае МЗС.

“Сустрэча пацвердзіла адзінства падыходаў Расіі і Беларусі да праблематыкі біялагічнай бяспекі“, — гаворыцца ў паведамленні. Яе ўдзельнікамі “адзначана неабходнасць далейшай цеснай каардынацыі і канструктыўнага ўзаемадзеяння як у двухбаковым фармаце, так і на профільных шматбаковых пляцоўках, перш за ўсё ў рамках Канвенцыі аб забароне біялагічнай і таксіннай зброі і Генеральнай асамблеі ААН, а таксама АДКБ і СНД“.

11 траўня 2022 года дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч у інтэрв’ю расійскаму часопісу “Нацыянальная абарона“ заяўляў, што “біялагічныя пагрозы ўяўляюць сур’ёзную небяспеку для ўсіх без выключэння краін, а пра пагрозу распрацоўкі Злучанымі Штатамі на тэрыторыі Украіны і іншых краін СНД у біялабараторыях небяспечных біятэхналогій Расія заяўляла неаднаразова на працягу апошніх 10 гадоў, у тым ліку на міжнароднай арэне“.

Тады Вальфовіч сцвярджаў, што ва Украіне “выкрытая і дакладна пацверджана дзейнасць сеткі з больш чым 30 біялабараторый“: “Безумоўна, яна выклікае занепакоенасць з пункту гледжання нацыянальнай і міжнароднай бяспекі. Што тычыцца Беларусі, то ў нас ніколі не было і не будзе ніякіх амерыканскіх біялабараторый, што фінансуюцца Пентагонам. У цэлым адной з асноўных прычын сітуацыі, якая склалася, застаецца адсутнасць дзейснага кантролю за распрацоўкай, вытворчасцю і назапашваннем запасаў бактэрыялагічнай, біялагічнай і таксіннай зброі“.

Інтэрв’ю Вальфовіча выйшла праз два з паловай месяцы пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне, якую падтрымлівае Мінск.

Сёлета 19 чэрвеня, гэта значыць незадоўга да правядзення расійска-беларускіх кансультацый паміж МЗС у Маскве, у Міністэрстве абароны Расіі на падставе апублікаванага офісам кіраўніка нацыянальнай выведкі ЗША прэс-рэлізу заявілі, што амерыканскія ўлады наўмысна хавалі звесткі аб біялабараторыях ва Украіне і ў іншых краінах.

У прыватнасці, у Маскве абвінавацілі Вашынгтон і Кіеў у правядзенні вывучэння ў згаданых лабараторыях ва Украіне ўзбуджальнікаў чумы, сібірскай язвы, тулярэміі, ліхаманкаў Марбург і Эбола.

МЗС Украіны ў адказ на абвінавачванні заявіў, што Кіеў ніколі не распрацоўваў біялагічную зброю, усе лабараторыі на тэрыторыі краіны звязаныя з грамадзянскай дзейнасцю.

Сцвярджэнні аб стварэнні ЗША сакрэтнай біялагічнай зброі ў Украіне эксперты адносяць да канспіралагічных тэорый.

Падзяліцца: