Мінск 14:35

Латушка паведаміў гендакладчыцы ПАСЕ Ражан пра цяперашнюю сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

27 чэрвеня, Позірк. Актуальную інфармацыю пра сітуацыю з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі давёў да генеральнай дакладчыцы Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Азадэ Ражан намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і член дэлегацыі беларускіх дэмсіл у ПАСЕ Павел Латушка.

Тэлеграм-канал палітыка 27 чэрвеня паведаміў, што ў сустрэчы таксама ўзялі ўдзел сакратар камітэта ПАСЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Рафал Сокал і дэлегат Каардынацыйнай рады, сакратар дэлегацыі дэмсіл Ксенія Луцкіна.

Адзначаецца, што Ражан сярод іншага была перададзеная “справаздача аб вызваленні палітвязняў і становішчы былых палітычных зняволеных у Беларусі”, асобна “прадстаўленая стратэгія дэмакратычных сіл па гэтым пытанні”.

“Павел Латушка праінфармаваў пра беспрэцэдэнтны для Еўропы маштаб транснацыянальных рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, якія адпавядаюць паняццю “злачынства супраць чалавечнасці”, — гаворыцца ў паведамленні. — Таксама ў ходзе сустрэчы Павел Латушка адзначыў, што вельмі важна лабіяваць у краінах — членах Савета Еўропы паскарэнне атрымання дакументаў аб легалізацыі для дэпартаваных палітвязняў”.

Адзначаецца, што Латушка і Луцкіна “агучылі актуальныя праблемы, датычныя важнасці дапамогі вызваленым палітвязням: фінансавыя ўнёскі ў Міжнародны гуманітарны фонд, дапамога для LIBERECO і іншых праваабарончых арганізацый, ануляванне пашпартоў былых палітычных зняволеных, якія былі дэпартаваныя”.

На сустрэчы, як заяўлена, была закранутая тэма “штучна створанага гуманітарнага крызісу”, звязанага з “масавымі дэпартацыямі былых палітзняволеных”: “Было таксама адзначана, што вызваленыя палітычныя зняволеныя, якія застаюцца ў Беларусі, выціскаюцца з краіны”.

Ражан, як сцвярджаецца, “выказала гатоўнасць спрыяць вырашэнню тых праблемных пытанняў, якія адзначаныя падчас сустрэчы”, заявіла, што “падзяляе пазіцыю дэмакратычных сіл Беларусі і што не бачыць прычын казаць пра нармалізацыю сітуацыі з палітвязнямі, бо спіс пастаянна папаўняецца, а людзі, якія засталіся ўнутры краіны, зазнаюць ціск”.

Бакі дамовіліся працягваць супрацу, перададзеныя дакументы “будуць улічаныя” ў справаздачы гендакладчыцы ПАСЕ па палітвязнях.

Падзяліцца: